Нясвіж

Герб Нясвіжа 1586г.
Герб Нясвіжа зацверджаны 18 чэрвеня 1586 г.
Сучасны герб Нясвіжа
Сучасны герб Нясвіжа зацверджаны 23 сьнежня 1999 г.
Нясвіж пачатак 17 ст. на гравюры Тамаша Макоўскага
Нясвіж пачатак 17 ст. на гравюры Тамаша Макоўскага

Нясвіж — горад-легенда, горад-казка, горад-сон. Такіх гарадоў няшмат, і ўсе яны знакавыя ў нашай супольнай гісторыі — Полацк (сталіца Полацкага княства — першага дзяржаўнага ўтварэння на тырыторыі Беларусі), Наваградак (першая сталіца Вялікага княства Літоўскага), Гародня, Вільня...

Нават дата заснавання Нясвіжа ахутаная таямніцай. Доўгі час было прынята лічыць, што горад заснаваны ў 1223 годзе — гэтую дату вы пабачыце і сёння на шыльдзе ў пачатку горада. Паводле летапіснай згадкі, 31 траўня 1223 года на рацэ Кальчык ва Украіне адбылася бітва рускіх і палавецкіх войскаў з татара-манголамі. І ў гэтай бойцы гіне «князь Юры Несьвежскі». Гісторыкі памылкова падумалі, што раз "Несьвежскі — значыцца, з Нясвіжа. Пазней высветлілася, што той "Юры Несьвежскі быў, верагодна, з украінскага горада Несвіч, што сходна паводле гучання.

Іншая, больш праўдзівая дата заснавання Нясвіжа — 1446 год, калі Нясвіж згадваецца ў летапісы ў сувязі з тым, што Вялікі князь Казімір Ягелончык перадаў яго Мікалаю Яну Неміровічу. Аднак, зразумела, што для нясвіжцаў цяжка звыкнуцца з думкай, што горад насамрэч маладзейшы на два стагоддзі. Ды і дату новую трэба запамінаць. Так і вітае лічба «1223» гараджанаў і гасцей. Аднак жа, ад такога «памаладзення» гэты славуты горад не робіцца менш цікавым ці прывабным для даследчыкаў, турыстаў і аматараў даўніны.

Спачатку горад належаў Неміровічам, потым Кішкам, ад 1533 года — нязменна Радзівілам. Значэнне Нясвіжа моцна падвышаецца ў 1586 годзе, калі з’яўляецца Нясвіжская ардынацыя Радзівілаў — непадзельнае ўладанне, якое перадавалася толькі ад бацькі да старэйшага сына, па мужчынскай лініі.

Таму пачуўшы назву Нясвіж, любы пісьменны чалавек тут жа адгукнецца: Радзівілы! І не памыліцца.

 

Радзівілы

Герб Радзівілаў з 1547 г.
Герб Радзівілаў з 1547 г.
Барбара Радзівіл (1520-1551)
Барбара Радзівіл (1520-1551)
Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» (1549-1616)
Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» (1549-1616)
Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» (1702-1762)
Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» (1702-1762)
Кароль Станіслаў Радзівіл «Пане Коханку» (1734-1790)
Кароль Станіслаў Радзівіл «Пане Коханку» (1734-1790)

Колькі будзе Нясвіж, столькі ён будзе дзякаваць Радзівілам. Гэты вялікі род, паводле легенды, вядзе свой пачатак ад міфічнага прашчура Ліздзейкі, які «радзіў» вялікаму князю Гедыміну закласці сталіцу (Вільню) на тым месцы, дзе князю прысніўся вешчы сон пра ваўка, які рыкае. За каштоўныя парады Гедымін загадаў адмераць Ліздзейку столькі зямлі, дакуль будзе чуваць гук паляўнічай трубы — так Радзівілы здабылі герб «Трубы» (1413 год). Легенду пра Ліздзейку нават апісаў у «Пане Тадэвушы» вялікі Адам Міцкевіч.

Паводле больш рэалістычнай версіі, пачыналася ўсё з віленскага кашталяна Восціка (каля 1363 — каля 1443), які назваў сына Радзівілам. Затым гэтае імя стала прозвішчам. Прозвішчам, якое будзе слаўна гучаць на землях Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай доўгія стагоддзі.

Гэты слаўны княскі род атрымаў ва ўладанне горад у 1533 годзе, калі Ян Радзівіл Барадаты ажаніўся з Ганнай з роду Кішак. Ян Радзівіл быў храбрым рыцарам, даверанай асобай караля Жыгімонта І. Сын Яна Радзівіла Мікалай Радзівіл Чорны стаў канцлерам ВКЛ і віленскім ваяводам. Ягоная стрыечная сястра Барбара Радзівіл выйшла замуж за польскага караля і вялікага князя Жыгімонта ІІ, і ўладар Нясвіжа, па-сутнасці, парадніўся з самімі Ягелонамі...

Найбольшы росквіт Нясвіж атрымаў у часы князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, сына Мікалая Чорнага. Горад атрымаў Магдэбургскае права (права на самакіраванне) — Сіротка сам склаў адпаведны прывілей і на Гарадзенскім сейме 24 чэрвеня 1586 года падпісаў яго ў караля Стэфана Баторыя. Праз Магдэбургскае права горад атрымаў Ратушу. Сёння гэта, дарэчы, найстарэйшая Ратуша ў Беларусі.

Следам за ратушай ідзе будоўля цудоўнейшага касцёла, кляштара, актыўна будуецца замак, у горадзе з’яўляюцца іншыя мураваныя будынкі. Сіротка з драўлянага Нясвіжа зрабіў мураваны.

Мудрасць Сіроткі была ў тым, што ён не збіраў грошы дзеля грошай, а інвеставаў у сябе, у гонар і, кажучы па-сучаснаму, брэнд свайго роду. Менавіта ён заклаў падмуркі славы і годнасці Сям’і, імя якой гучыць на прасторах Еўропы вось ужо шэсць стагоддзяў.

Аднак не Сіроткам адзіным славіцца гэты вялікі Род. Ад 1466 года і да нашых дзён гэтая Сям’я дала Вялікаму княству Літоўскаму і Рэчы Паспалітай больш за 40 сенатараў, а таксама канцлераў, маршалкаў, гетманаў, ваяводаў, біскупаў...

Добрую памяць пакінулі пасля сябе ўсе валадары Нясвіжа, найбольш (пасля Сіроткі) — Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька і ягоная жонка Францішка Уршуля з дому Вішнявецкая. Рыбанька практычна завершыў пабудову замка (якую скончыў ягоны сын Пане Каханку), фундаваў роспісы касцёла. Францішка Уршуля заснавала ў Нясвіжы тэатр, напісала для яго 16 п’ес, 14 эскізаў сцэнаграфіі гэтых пастановак...

Пра род Радзівілаў ужо напісана шмат кніг і мангаграфій, а напішацца яшчэ болей — настолькі неахопныя ягоныя справы і дасягненні. «Bóg nam radzi» («Бог нам радзіць») — вось дэвіз роду Радзівілаў, які пішацца на іхным гербе. І дэвіз гэты ніколькі не падманвае.

 

Касцёл Божага Цела (1589-1593 гг.)

plener_2_270x180.jpg
Касцёл, званніца і гарадская ратуша
Плэнэр
Касцёл
plener_3_117x143.jpg
Касцёл і капліца св. Роха

Св. Кацярына Александрыйская

Хрыстафор Мікалай Радзівіл — сын Сіроткі

Касцёл Божага Цела з’яўляецца аднолькава вялікай святыняй і для сям’і Радзівілаў, і для ўсіх народаў былога ВКЛ, і для кожнага аматара прыўкраснага і сапраўднага.

19 жніўня 1584 года, яшчэ за два гады да выправы ў славутую пілігрымку да Святой Зямлі, Сіротка падпісаў акт фундацыі ў Нясвіжы калегіюма езуітаў. Аднак збудаваны пасля касцёл Божага Цела стаў выконваць ролю не толькі езуіцкага храма, але і ролю парафіяльнага храма.

Калі глядзець з пункту гледжання архітэктуры, гэта — першая цалкам барочная пабудова на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і Усходняй Еўропы, а таксама другая ў свеце. Калі разважаць з пункту гледжання рэлігіі, то гэта храм, які ніколі за 420 гадоў свайго існавання не быў зачынены. Для роду Радзівілаў гэта — сямейная пахавальня, дзе спачылі прадстаўнікі роду пачынаючы ад 1616 года і да нашых дзён. У свой час крыпта Нясвіжскага касцёла стала трэцяй сямейнай пахавальняй у Еўропе (пасля пахавальні Бурбонаў у Францыі (абацтва Сэн-Дэні) і Габсбургаў у Аўстрыі (Капуцынкірхэ ў Вене)). Дазвол на ўтварэнне пахавальні князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка атрымліваў асабіста ў Папы Рымскага. Бо ў той час лічылася непрымальным, каб нябожчыкі заставаліся пасля смерці не закапаныя, а над узроўнем зямлі.

Гаворачы пра першы, архітэктурны аспект, не абыйсці фенаменальную асобу архітэктара Джавані Марыя Бернардоні. Як мы ўжо ведаем, у 1583 годзе Сіротка выправіўся ў пілігрымку ў Егіпет, Святую Зямлю і Італію. Там, пабачыўшы найлепшыя ўзоры перадавой еўрапейскай архітэктуры, Радзівіл задумаў зрабіць Нясвіж не горшым. Дзеля гэтага ў Рыме Сіротка запрашае прыехаць у Нясвіж маладога архітэктара-езуіта Бернардоні. Той згаджаецца, і абяцае прыбыць у Нясвіж следам за Сіроткам. Аднак дарога ад Рыма да Нясвіжа займае ў Бернардоні некалькі гадоў. Доўгі час было загадкай, чаму архітэктар ехаў на запрашэнне так доўга. Аднак беларуская даследчыца гісторыі Тамара Габрусь раскрыла гэтую загадку... паглядзеўшы на карту Еўропы! Высветлілася, што Бернардоні, які быў езуітам, па дарозе спыняўся не ў гатэлях, а ў кляштарах і місіях езуітаў. І амаль паўсюль здаралася, трывіяльна кажучы, адная і тая ж гісторыя. Айцы-езуіты ў адзін голас казалі таленавітаму архітэктару: «Збудуй нам касцёл, а пасля паедзеш далей!». Вось і атрымалася, што на шляху з Рыма ў Нясвіж Бернардоні пакінуў некалькі выдатных касцёлаў. Апошні — перад Нясвіжам — прыпынак Джавані зрабіў ужо ў Гародні, на тэрыторыі Беларусі. Вялікі канцлер Леў Сапега, які ў той час быў маршалкам ВКЛ, угаварыў архітэктара таксама «збудаваць касцёл». На жаль, той выдатны помнік архітэктуры быў знішчаны за савецкім часам...

Затое, калі Джавані Марыя Бернардоні нарэшце даехаў да Нясвіжа, Сіротка не адпускаў яго цэлыя 13 гадоў! Найперш Радзівілы разабралі драўляны касцёл, які падаўся ім «дробненькім» — і замовілі Бернардоні велічны і ўзнёслы мураваны. У пэўным сэнсе прататыпам стала базіліка Іль Джэзу ў Рыме. Збудаваная ў 1568-84 гадах, яна задала матыў для наступных храмаў езуітаў. Джавані далі волю творчасці — і ён збудаваў найцудоўнейшы барочны храм (1589-1593), які стаў дзівам і прарывам для нашых земляў у той час. Перад касцёлам паўстала масіўная званіца, якая сама па сабе з’яўляецца цудоўным помнікам архітэктуры. Апроч касцёла ў Нясвіжы, выбітны архітэктар збудаваў храмы ў Вільні, Новым Свержні, Чарнаўчыцах пад Берасцем, Міры, вёсцы Дзераўное пад Стоўбцамі... Дарэчы, выехаўшы нарэшце з Нясвіжа, Бернардоні накіраваўся ў Кракаў, дзе збудаваў... дакладную копію касцёла ў Нясвіжы! І сёння касцёл Пятра і Паўла, у крыпце якога пахаваны вялікі тэолаг Пётр Скарга, адрозніваецца ад Нясвіжскага хіба што дэкорам... Там жа, у Кракаве, Бернардоні і памёр — паспеўшы збудаваць касцёл пад купал. Верхавіну храма дабудоўвалі ўжо ягоныя вучні... Вельмі цікавая і малавядомая дэталь: купал Нясвіжскага храма таксама ўзводзіў не Бернардоні, а запрошаны з Італіі архітэктар Джузэпе Брызіё...

interior_270x180.jpg
Інтэр'ер касцёла
Прэзбітэрый
Прэзбітэрый
freska_117x143.jpg
Фрэска
freska_3_117x143.jpg
Фрэска ў нутры купала
freska_4_117x143.jpg
Фрэска ў нутры купала
freska_ugol_117x143.jpg
Фрэска

Унутраная аздоба касцёла выклікае не меншае захапленне, што і вонкавы ягоны выгляд. Барочныя знешнія рысы знаходзяць тут працяг і ўзмацненне. Пасля пабудовы касцёла пачалася праца над ягоным унутраным аздабленнем. З левага боку быў створаны алтар Святога Крыжа з белага, ружовага і чорнага мармуру. Над ім працавалі італьянскі скульптар Джыролама Кампані і архітэктар Чэзарэ Франка. Алтар лёгка пабачыць — ён узвышаецца роўна над уваходам у пахавальню Радзівілаў.

У сярэдзіне XVII стагоддзя інтэр’еры касцёла моцна пацярпелі ў часе польска-шведскай вайны, захаваліся цудам толькі мураваныя алтары і намагіллі. Усю другую палову XVII стагоддзя касцёл стаяў проста пабелены — як звонку, гэтак і ўнутры. Істотныя працы пачаліся ў храме ў першай палове XVIII стагоддзя. Былі знятыя перакрыцці з бакавых нефаў — за кошт чаго візуальны аб’ём касцёла значна павялічыўся. Тады ж, у сярэдзіне XVIIIстагоддзя былі створаныя фрэскі і галоўны алтарны абраз «Апошняя вячэра». На гравюры Гіршы Ляйбовіча 1747 года ўсяго гэтага яшчэ няма.

Біблійныя сюжэты, выкананыя настолькі ўзнёсла і вытанчана, што ствараюць імпрэсію трапятання і ўрачыстасці. Тут, яшчэ больш чым у іншым храме, хочацца маўчаць і, апроч малітвы, прамаўляць хіба шэптам, аднымі вуснамі. Унутранае ўбранне касцёла — само па сабе помнік мастацтва. Прычым, калі вонкавы выгляд храма застаецца нязменным вось ўжо 420 гадоў, то ўнутры кожны з князёў мог асцярожна дадаць нешта сваё, альбо рабілі гэта ўдзячныя парафіяне.

Захапленне выклікаюць калоны і аркі пад самым купалам храма. Асабліва калі разумееш, здагадваешся, што яны — толькі намаляваныя на плоскасці! Настолькі аб’ёмна і праўдападобна яны выкананыя!.. У галоўным алтары змешчаны абраз «Апошняя вячэра», якая нагадвае нам пра апошнюю вячэру Хрыста — а менавіта ў імя Божага Цела і названы касцёл. Як памятаем, хлеб быў пераменяны ў Цела Хрыстовае (альбо Божае), а віно — у Кроў. Гэты вечны сюжэт стварае цудоўны акцэнт храма, канцэнтруючы вакол сябе ўсе сюжэты-дадаткі. Дарэчы, створаны гэты абраз, як і касцёльныя фрэскі, у 1750-1753 гг. Ксаверам Дамінікам Гескім і ягоным сынам Юзафам Ксаверам — прыдворнымі мастакамі Радзівілаў. У бакавых алтарах занялі свае месцы абразы «Святы Ігнацы» і"Святы Францыск Ксаверы«, якія былі замененыя ў ХХ стагоддзі. Але фарбы ўсіх фрэсак з таго часу абнаўляліся толькі аднойчы, у пачатку ХХ стагоддзя — у 1902 годзе над гэтым працавалі кракаўскія майстры Бруздовіч, Матэйка, Страйноўскі. На час, калі працы па аздобе касцёла былі скончаныя, яго ўжо называлі «цудам свету» — за неверагоднае хараство. Рэктар Наваградскага езуіцкага калегіюму ў 1752 годзе напісаў: «Увесь свет аб’едзеш, а такой прыгажосці не знойдзеш».

Паколькі Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка быў чалавекам гуманістычных поглядаў, чалавекам сучасным, лагічным было з’яўленне пасля ягонай смерці барэльефа фундатару непасрэдна ў касцёле. Хаця такія «свецкія» рэчы не віталіся і не былі шырока распаўсюджаныя. Намагілле Сіроткі з пясчаніку выяўляе яго ў часе малітвы, ў плашчы пілігрыма, які быў на ім у часе ўсяе піліграмкі ў Рым і Святую Зямлю. За спінаю Сіроткі — выява рыцарскіх латаў. І эпітафія, якую, нібыта, склаў перад смерцю сам князь: «Перад абліччам смерці ніхто не рыцар...» Непадалёк — помнікі па памерлых дзяцях Сіроткі — Мікалаю, які памёр дзіцем, і Крыштафу Мікалаю, які памёр у 1607 годзе ад паляндры ў Балонні ва ўзросце 16 год 10 месяцаў 3 дней і 13 гадзін.

У ХХ стагоддзі ў касцёле з’явілася некалькі мемарыяльных табліц — у 1902 годзе прыхільнікі творчасці літаратара Уладыслава Сыракомлі (Людвіга Кандратовіча) прысвяцілі яму памятную дошку з нагоды 40-годдзя з дня смерці. Сыракомля, жыццё і творчасць якога шчыльна звязаная з Нясвіжам, вянчаўся ў гэтым касцёле ў 1844 годзе. У 1930-х гадах паўстала памятная дошка Эдварду Вайніловічу, вялікаму сябру Радзівілаў, фундатару Чырвонага касцёла ў Менску. У 1990-х гадах вернікі стварылі памятную табліцу ксяндзу Гжэгажу Каласоўскаму (1912-1991), нязменнаму пробашчу касцёла ў 1942-1991 гадах.

Унутранае ўбранне касцёла Божага Цела можна смела назваць музеям мастацкай еўрапейскай традыцыі свайго часу.

 

Пахавальня Радзівілаў (1616 г.)

Герб Радзівілаў з 1547 г.
У нутры крыпты

Саркафаг
crypt_inside_2_117x143.jpg
Крыпта
crypt_inside_3_117x143.jpg
Крыпта
groby_117x143.jpg
Саркафагі
groby_2_117x143.jpg
Саркафагі
groby_3_117x143.jpg
Саркафаг
groby_4_117x143.jpg
Саркафаг
groby_5_117x143.jpg
Саркафагі
groby_6_117x143.jpg
Саркафаг

Як мы ўжо даведаліся, сямейная пахавальня Радзівілаў у крыпце касцёла Божага Цела стала трэцяй па ліку сямейнай пахавальні ў Еўропе. Першым, хто спачыў тут, быў сам Сіротка. Год ягонай смерці запомніць лёгка — вялікі Радзівіл памёр у адзін год з Шэкспірам — 1616. Ствараючы пахавальню, Сіротка пакінуў два простыя правілы адносна крыпты. Па-першае, там павінны былі быць пахаваныя выключна Радзівілы. Па-другое, хаваць людзей належала ў простым адзенні і без багаццяў — каб праз стагоддзі ні ў кога не ўзнікала спакусы разрабаваць труны. Сіротка і напраўду спачыў у сваім плашчы пілігрыма — як сімвалы знакавай вандроўкі да Святой Зямлі. Труну князя неслі ад замка да касцёла жабракі з усяе акругі... А вось другое правіла парушыў... сам жа Сіротка! Рэч у тым, што наступным чалавекам, хто спачыў у крыпце, стаў... верны слуга Сіроткі, які суправаджаў яго ва ўсіх падарожжах...

З таго часу ў крыпце была пахаваная большасць прадстаўнікоў слаўнага роду. Сёння ў крыпце стаіць 71 труна (адна з якіх, рытуальная, пустая) — гэта трэцяя па колькасці сямейная пахавальня ў Еўропе. Урну з прахам 72-га Радзівіла — князя Антонія з Лондана — была замураваная ў сцяну пахавальні, у адпаведнасці з ягоным тэстамэнтам, у 2000 годзе. Аднак звесткі пра колькасць трунаў у розны час фіксаваліся абсалютна розныя. У 1905 годзе камісія налічыла 78 саркафагаў. У польскай манаграфіі 1937 года гаворыцца пра 102 труны. За савецкім часам саркафагаў было нібыта 90. Яшчэ раней трапляецца лічба 120. Дзе падзеліся астатнія, і ці былі яны, дакладных звестак няма. Паводле адной з версій, частка саркафагаў згінула ў часе вайны. Паводле іншай, рамантычнай, у час чарговай пагрозы пахавальні пад ёй быў зроблены яшчэ адзін паверх пад зямлёю, куда замуравалі частку трунаў. І сёння турысты, даследчыкі і гісторыкі з аднолькавым азартам тупаюць нагамі, патрапіўшы ў пахавальню. І — дзе-нідзе нібыта нават яскрава адчуваюць пустэчу пад падлогай, прыслухоўваючыся да рознага па напоўненасці гуку...

Некалькі трунаў ахутаныя легендамі. Адная з іх завецца «гарбатая» — бо вечка зробленае не плоскае, а трохвугольнае. Паводле легенды, тут спачыла юная Людвіка Радзівіл, дачка Багуслава. Бацька ўжо быў арганізаваў баль, каб выдаць яе замуж за аўстрыйскага прынца. Аднак яна кахала іншага — канюшага, з якім дамовілася ўцячы проста з балю. Бацька злавіў канюшага і пасадзіў у вязніцу. А Людвіка, не ведаючы, прыбегла ў дамоўленае месца проста ў бальнай сукенцы і лёгкіх туфліках... Не дачакаўшыся каханага, яна замерзла, седзячы на пянёчку. Так і пахавалі князёўну ў такім выглядзе... Аднак адкрыванне саркафагузасведчыла, што там пахаваная... 74-гадовая княгіня Адэлія Карніцкая-Радзівіл. А «гарбатасць» саркафагу атрымала абсалютна рэальнае тлумачэнне. Унутры гэтага драўлянага саркафагу стаяла цынкавая труна, да вечка якога мастар прыкруціў... вазу , куды былі пастаўленыя любімыя кветкі памерлай, выкананыя з жалеза... У адное з абнаўленняў крыпты для саркафага быў выраблены яшчэ адна труна, драўляная. Каб накрыць вазу і было вырабленае вечка такой арыгінальнай формы.

Іншая легенда датычыць загадкавай бочачкі ля адной з трунай. Легенда апавядае, што там былі пахаваныя рэшткі аднаго з Радзівілаў, якога ўшчэнт падраў на паляванні мядзьведзь. Насамрэч усё прыгажэй. На крышцы саркафагу побач якога стаіць бачонак на таблічцы можна расчытаць словы: «Я не магу дазволіць, каб сэрца, якое так мяне кахала, проста выкінулі. Усім, апроч жыцця, я абавязаны толькі табе». Такім чынам, у бочачцы ў спецыяльным росчыне захоўваюцца ўнутраныя ворганы княгіні Радзівіл, муж якой загадаў зрабіць так пасля яе смерці...

Вяртаючыся да стварэння Радзівілаўскай пахавальні, варта сказаць пра спосаб муміфікавання, які прымяняўся тут у розныя часы. Гэта, як і многае іншае, звязанае з Радзівіламі, ахутанае міфамі і легендамі. Паводле самай верагоднай версіі, рацэпт муміфікацыі Сіротка прывёз з Егіпту, які наведваў у часе свайго знакавага двухгадовага падарожжа. У сваёй славутай кнізе «Перыгрынацыі» князь Радзівіл даволі дакладна апісвае знешні выгляд мумій, адзначаючы, што «розныя зеллі і масці так спеклі целы, што тыя ажно свецяцца, як смала зацвярдзеўшы... косці тых целаў цэлыя і надта белыя, бо тыя масці пахучыя і ад счарнення іх бароняць... намазаныя тры тысячы гадоў цэлыя ляжаць». Пакідаючы Каір, Радзівіл вырашае ўзяць некалькі муміяў з сабой і купляе ў арабаў два забальзамаваныя целы — мужчыны і жанчыны. Але везці іх цалкам на караблі было нельга — лічылася, што мумія можа прынесці судну пагібель. Таму кожнае цела падзялілі на траціны і запакавалі ў асобныя скрыні.

Ужо калі муміі былі на караблі і судна чакала падарожнага ветру, узняўся вялікі шторм. Матросы сталі панікаваць: усе загінем! Не вытрымаўшы псіхалагічнай атакі, Сіротка загадаў выкінуць усе скрыні ў мора. У выніку князь не давёз да Нясвіжа самі муміі, але давёз ідэю бальзамавання.

Гэтай ідэяй і зацікавіліся камуністы ў 1953 годзе. Калі памёр Сталін, узнікла пытанне, як захаваць цела правадыра для нашчадкаў, як гэта зрабілі з трупам Леніна. Дзеля гэтага ў Нясвіж накіроўваецца спецыяльная камісія з Масквы, якую ўзначаліў прафесар У.Ф. Чарвякоў. Афіцыйная версія для прыезду камісіі была прыдуманая геніяльна — нібыта паступілі скаргі і просьбы ад мясцовых жыхароў даследваць муміі і высветліць, ці бяспечныя яны для здароўя мясцовага насельніцтва.

У 1971 годзе, калі ўжо быў развянчаны культ Сталіна і пра такія рэчы можна было акуратна казаць уголас, матар’ялы той экспедыцыі ў Нясвіж былі надрукаваныя ў прэсе. Аднак нават дата прыезду камісіі была свядома скажоная — каб даследванне не звязвалі са смерцю тырана, дата была пазначаная як 1951.

Першым чынам камісія адкрыла самую старадаўнюю труну — Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Навукоўцы чакалі пабачыць мумію ў адзенні пілігрыма — як значылася ў тэстамэнце. Аднак карціна адкрылася іншая: мумія была накрытая кавалкам малінавага атласу, на галаве быў чырвоны аксамітны каптурок, на целе — белая шаўковая кашуля, на нагах — белыя панчохі машыннага вязання. Пад галавой ляжала халсцінавая падушачка, набітая несапрэлым сенам і белая лайкавая пальчатка са спружыннай кнопкай-зашпількай, на якой была пазначаная парыжская фабрычная марка. Усе гэтыя прадметы адносіліся відавочна да 1905 года. Тая, першая камісія перапранула Сіротку!.. Савецкія навукоўцы задумаліся: навошта? Разгадка чакала іх на дне труны: шмат сухога молю і дробныя чорныя часцінкі воўны! Славуты плашч піліграмы з’еў моль!.. Не даў ён літасці і муміі: як засведчылі навукоўцы, ад яе застаўся скелет з рэшткамі ссохлай тканкі...

Адкрыванне некалькіх іншых трунаў дазволіла дастаткова дакладна вызначыць спосаб, у які радзівілаўскія лекары бальзамавалі памерлых. У той час паводле хрысціянскіх канонаў анатамаванне нябожчыкаў строга забаранялася. Таму прыдворныя лекары змазвалі цела памерлага «бальсанамі» і смалістымі пахучымі рэчывамі — не робячы анатамаванне, не дастаючы вантробы. Пры гэтым мазі наносіліся толькі на пярэднюю паверхню цела. Тканкі высыхалі — і верх цела захоўваўся, ствараючы своеасаблівы зацвярдзелы купал. Ніжняя частка ссыхала і рассыпалася.

Пазней, у ХІХ стагоддзі метад бальзамацыі змяніўся — і стаў больш падобны да кансервацыі. Цела нябожчыка пры гэтым без асаблівай апрацоўкі проста запайвалі ў цынкавай труне. Цела працягвала раскладацца да пэўнага моманту, пакуль газы не стваралі гранічнага ціску, пры якім працэс распаду спыняўся. Таму нават праз шмат гадоў праз умайстраванае ў вечка таўшчэзнае карабельнае шкло можна было пабачыць твар нябожчыка. Тады, у 1953 годзе навукоўцы не сталі ўскрываць ніводзін з такіх саркафагаў. У іх ужо быў сумны досвед, калі пры ўскрыцці труны з кампазітарам Мікалаем Рубінштэйнам, якую прывезлі з Парыжу, цела рассыпалася літаральна на вачах...

У выніку камісія прыйшла да высновы, што ніякага звышсакрэту і не было — лекары проста абапіраліся на досвед і веды, дасяжныя ў той час.

Пахавальню ратавалі Кэнэдзі і Мусаліні

Тое, што праз чатыры стагоддзі Нясвіжскі касцёл і фамільная пахавальня Радзівілаў дайшлі да нас — сапраўдны цуд. Бо шмат разоў усё гэта рызыкавала знікнуць...

У часе Другой сусветнай вайны немцы не чапалі касцёл і крыпту бо, кажуць, адзін з Радзівілаў засваячыўся з Мусаліні. Італьянскі дыктатар быў хаўруснікам Гітлера — і паспрыяў захаванасці нясвіжскіх каштоўнасцяў. Іншая версія свечыць, што дапамагла захаваць крыпту каралева Італіі, якая цёпла сябравала з Марыяй Ружай Радзівіл. Старажылы Нясвіжа згадваюць, што немцы нават выставілі на ўваходзе ў святыню сталую варту...

У 1960-я гады дапамагло іншае сваяцтва Радзівілаў: нашчадак княскага роду Станіслаў Радзівіл ажаніўся з Лі Буўе — роднай сястрой Жаклін Кенэдзі. Яе муж, Джон Кенэдзі, як вядома, быў 35-м прэзыдэнтам Амерыкі. У касцёльным архіве і цяпер захоўваюцца лісты з Дзярждэпу ЗША, дзе гаворыцца: будуць зачыняць — пішыце. Камуністы выжылі ксяндза Гжэгажа Каласоўскага з плебаніі — ён быў змушаны пэўны час жыць у гаражы. Але зачыняць касцёл баяліся, ксёндз адразу казаў: «Я буду пісаць». Дарэчы, Гжэгаж Каласоўскі быў пробашчам касцёла Божага Цела амаль 50 (!) гадоў. Ягонымі намаганнямі не загінула сама святыня і крыпта пад ёй. У часе Другой сусветнай вайны, калі ў касцёл патрапіла бомба, ксёндз Каласоўскі пад абстрэлам не збаяўся кінуцца сам тушыць святыню і збіраць на тое гараджанаў. І на працягу двух з паловай месяцаў дах, які згарэў, быў цалкам адноўленны. Літаральна нядаўна адная з вуліц Нясвіжа была названая ў імя Гжэгажа Каласоўскага.

Глеб Лабадзенка