Пампеянская навэнна

Маці Божая з Пампей вучыла сваіх прыхільнікаў, як атрымаць неабходныя ласкі. Вядомы факт аб’яўлення Божай Маці невылечна хворай дзяўчыне з Неапалю - Фартунаце Агрэллі (21 год), якой яна сказала: «Кожны раз, калі ты захочаш атрымаць ад Мяне пэўную ласку, з’дзейсні на маё ўслаўленне тры навэнны ў інтэнцыі просьбы, молячыся 15 таямніцамі Святога Ружанца, а затым тры навэнны ў інтэнцыі падзякі за атрыманую ласку». Фартуната Агрэллі цудоўным чынам выздаравела.

Гэта і стала пачаткам малітоўнай практыкі, заснаванай на малітве Святога Ружанца, якую чытаюць 54 дні, - так званай «безадмоўнай навэнны». Пачынаючы з 1876 г.,абраз Пампеянскай Божай Маці вядомы як цудадзейны. У 1890 г. папа рымскі Леон ХIII афіцыйна пацвердзіў цуды, здзейсненыя праз заступніцтва Маці Божай з Пампей.

Заснавальнікам горада Пампей і тамтэйшай базылікі з'яўляецца бласлаўлённы Бартола Лонга, які сыноўняй любоўю палюбіў Марыю і распаўсюджваў Яе ўшанаванне праз Святы Ружанец.

Да гэтага часу невядомы выпадкі, каб хто-небудзь, з верай молячыся пампеянскай навэннай, не быў па яе завяршэнні адораны ласкай,аб якой прасіў.

Як чытаць пампеянскую навэнну: практычныя парады.

1. Адзначыць ў календары дзень пачатку пампеянскай навэнны.

2. Пампеянская навэнна доўжыцца 54 дні. На працягу гэтых 54 дзён штодня чытаем тры часткі Ружанца (Радасная, Сумная, Слаўная). Па жаданні, можна чытаць ўсе чатыры часткі, разам з Таямніцамі Святла. Пачатковыя малітвы (Веру, Ойча наш, тры Вітай Марыя) чытаем адзін раз у дзень, перад першым Ружанцам.

3. У пачатку кожнай з частак Святога Ружанца фармулюем сваю інтэнцыю (коратка і сцісла, толькі адну просьбу), а потым кажам: «Прыношу гэты Ружанец на хвалу Тваю, о Каралева Святога Ружанца».

4. На працягу першых 27 дзён (3х9 дзён) чытаем так званую ўпрашальную частку пампеянскай навэнны, і штодня, пасля чытання кожнай часткі Святога Ружанца, дадаем такую малітву: «Успомні Міласэрная Пампеянская Дзева Святога Ружанца, што ніхто ніколі не чуў пра тое, каб хто-небудзь з тых, хто да цябе звяртаецца, і з Ружанцам Тваёй дапамогі просіць, быў Табою пакінуты. Не пагарджай маімі малітвамі, о Маці Спрадвечнага Слова, але праз Твой Святы Ружанец і прыхільнасць да святыні ў Пампеях выслухай маю просьбу. Амэн».

5. На працягу наступных 27 дзён чытаем, так званую, удзячную частку пампеянскай навэны (3 падзячныя навэнны), а пасля кожнай з частак Ружанца дадаем такую малітву:

«Што я магу даць табе, о Каралева, поўная любові? Прысвячаю Табе ўсё сваё жыццё, жадаючы, колькі мне хопіць сіл, распаўсюджваць праслаўленне Цябе, Дзева Святога Ружанца з Пампей. Калі я прасіў Цябе аб дапамозе, ішлі да мяне ласкі ад Бога. Дзе б я ні знаходзіўся, я буду распавядаць аб міласэрнасці, якую Ты да мяне праявіла; распаўсюджваць малітву Святога Ружанца, даючы сведчанне аб тым, як добра Ты абышлася са мною, каб такія ж нявартыя, як і я, грэшнікі з даверам і надзеяй звярталіся да Цябе. О, калі б увесь свет ведаў якая Ты добрая, якая міласцівая да ўсіх церпячых і знямоглых, то ўсё створанае звярталася б да Цябе. Амэн».

6. Незалежна ад заключных малітваў, прадстаўленых у п.4 і 5, кожную з частак Святога Ружанца заканчваем - непасрэдна пасля яе чытання - трохразовым заклікам да Дзевы Марыі:

«Каралева Святога Ружанца, маліся за нас».

Кардынал Стэфан Вышынскі, Прымас Польшчы, вялікі прыхільнік Божай Маці (1901-1981) так пісаў пра Святы Ружанец: «Гэта выратавальны ланцуг на стромым горным схіле. Нельга спыняцца ні на адной таямніцы. Трэба ісці далей. Таму што паўната жыцця знаходзіцца на вяршыні».

Гэта вельмі дзейсная навэнна! Вера і малітоўная настойлівасць ляжаць у яе аснове. Для завяршэння пампеянскай навэнны патрэбныя 54 дні бесперапыннай малітвы.

Калі ты не ўпэўнены да канца ў неабходнасці таго, аб чым просіш, то, хутчэй за ўсё, табе не ўдасца вытрымаць 54 дні.

Сэнс навэнны - выкарыстанне настойлівасці ў малітве для атрымання неабходнай ласкі. 

Паводле www.grodnensis.by