«Памятай, што ты — прах і ў прах вернешся»: сёння распачынаецца Вялікі пост

«Памятай, што ты — прах і ў прах вернешся», — такія словы кажа святар, калі пасыпае попелам галовы вернікаў, якія прыходзяць на святую Імшу ў першы дзень саракадзённага Вялікага посту — Папяльцовую сераду. Сёння, 18 лютага, якраз гэты час.

Крыху інакш гучаць гэтыя словы з вуснаў старэйшых людзей, прынамсі, так казалі мне ў дзяцінстве прабабуля і бабуля: «З праху паўстаў, у прах і вернешся». У дзяцінстве гэтыя словы былі незразумелыя і вельмі далёкія для дзіцячай свядомасці. Аднак здавалася ў тыя хвіліны, калі гэтыя словы яшчэ раз паўтарала бабуля, што ўвесь сусвет нібыта павялічваўся да памераў вечнасці, а сама сябе я адчувала пылінкай перад веліччу Таго, Хто ўсё стварыў.

Заўсёды ўзнікала невядомае жаданне скарыцца, схіліцца і суцішыцца, прызнаючы свае памылкі, слабасці, і засяродзіцца на цішыні, маўчанні, сузіранні.

У такія хвіліны з пасыпанай шэрым попелам галавой, нібыта пасівелая за адзін вечар бабуля, я старалася ўгледзецца ў сваё жыццё, якое, як сапраўды ў старога чалавека, адразу бачылася вялікім і поўным падзей, людзей і ўспамінаў.

Углядаючыся ў дрэвы

Бясконца хацелася ўглядацца ў дрэвы, якія ўсёй сваёй сутнасцю цягнуцца да неба, нібы тонкія капіляры жылкуюць яго сваймі чорнымі і асабліва тонкімі на марозе галінамі. Такія ж і людзі, якія, спазнаўшы нядоўгавечнасць свайго існавання, жылкуюць, як дрэвы, жыццё, стараючыся як мага больш пусціць галін, каб з яшчэ большай радасцю чэрпаць шчасце ад вялікага дару, які дадзены кожнаму ад Бога, хто ўжо нарадзіўся ці яшчэ народзіцца.

Углядаючыся ў крыж

Менавіта на пачатку Вялікага посту пачынаю з асаблівай засяроджанасцю ўглядацца ў крыж. Прыдарожны, крыж на вежах святыняў, крыж на могілках, пашарэлы ці каменны крыж, якому колер дапамог змяніць нарослы лішайнік, што ўжо каторы год ніхто на адчышчае, бо, магчыма, над тым, хто гэта рабіў раней, узвышаецца свой крыж.

І ў такі момант, суцішыўшыся на малітве, я заплюшчваю вочы, а перада мною паўстаюць разам, нібы ствараючы своеасаблівы мастацкі рытм, тры постаці: чалавека, дрэва і крыжа, — у якіх я хачу адшукаць сэнс жыцця, сэнс цярпення і сэнс Любові. І ў вушах гучыць, ці гэта адбіваецца ў сэрцы:

Жыццё маё – што дрэва,
Жыццё маё – што крыж,
Імкне яго ў неба,
імкне яго ўвысь!

Жыццё маё – што дрэва,
Жыццё маё – што крыж,
Карэнне ж цягне глеба
зямлі, якую сніш…

Паводле www.catholic.by