Ці варта адзначаць 23 лютага і 8 сакавіка? Адказваюць святары

У Беларусі 23 лютага і 8 сакавіка – афіцыйныя дзяржаўныя святы, карані якіх маюць выразнае камуністычнае адценне. Тым не менш, у краіне ў гэтыя святы дагэтуль прынята віншаваць мужчын і жанчын, ладзяцца святочныя мерапрыемствы, канцэрты, вуліцы запаўняюць людзі з кветкамі і падарункамі. Але ці варта ў гэтых святкаваннях удзельнічаць хрысціянам? На гэтае пытанне адказалі святары розных хрысціянскіх канфесій Беларусі.

Настаяцель касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) кс. Сяргей Сурыновіч:

- Само гэтае пытанне для мяне трошкі правакацыйнае, бо яўна мае дзве плашчыні. Першая плашчыня – сэнсава-ідэалагічная, дзе варта адказаць на такія пытанні як: у гонар якой падзеі гэтае свята, які сэнс укладваецца ў гэтае свята, якое значэнне гэтага свята? Другая – эмацыйная, дзе паўзнікаюць такія пытанні: ці трэба любіць і шанаваць нашых мужчынаў і нашых жанчынаў? Два гэтыя святы цесна звязаныя з камуністычнай ідэалогіяй, у іх заключаны сэнс барацьбы за камуністычны лад жыцця. Першае свята ў адзначэнне гадавіны стварэння Чырвонай Арміі для абароны сацыялістычнага грамадства, дзе трактоўка падзей лютага 1918 года як «перамогі пад Псковам і Нарвай» была прапанаваная асабіста Іосіфам Сталіным ў 1938 годзе і гэтая версія многія гады падтрымлівалася дзяржаўнай прапагандай у СССР. Другое, калі па рашэнні 2-й Камуністычнай жаночай канферэнцыі было вырашана святкаваць Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка ў памяць аб удзеле жанчын у дэманстрацыі ў Петраградзе 8 сакавіка 1917 года як адной з падзеяў, што папярэднічала Лютаўскай рэвалюцыі, у выніку якой была звергнута манархія. Традыцыя святкавання гэтага свята звязана з рэвалюцыйнымі рухамі, якія ўсё ж прынеслі шмат пакут людзям, у тым ліку жанчынам і Касцёлу.

Ці трэба любіць і шанаваць нашых мужчынаў і нашых жанчынаў? – Так. Іх годнасць, іх пакліканне, іх Божы вобраз, які носяць у сваёй душы. Адзінае, ці шанаваць толькі ў акрэсленыя святы, ці праз усё жыццё?

Пастар віцебскай царквы хрысціян веры Евангельскай “Новае жыццё” Аляксей Сівалобаў:

- Згодна з веравучэннем Аб’яднанай Царквы Хрысціян Веры Евангельскай у Беларусі ні 23 лютага, ні 8 сакавіка не з’яўляюцца царкоўнымі святамі. У нас ёсць тры абавязковыя святы: Раство Хрыстова, Пасха і Троіца (гэта свята яшчэ называюць Пяцідзесятніца ці Дзень Святога Духа). Адзначаць ці не астатнія святы кожная царква вызначае самастойна, і іх вельмі шмат.

Калі адказваць на пытанне: варта ці не святкаваць 23 лютага і 8 сакавіка, то тут у кожнага павінен быць свой асабісты падыход. Калі капнуць глыбока ў гісторыю і паглядзець, адкуль узніклі гэтыя святы, то можна знайсці шмат чаго, што не спалучаецца з хрысціянствам і калі ў святы ўкладаць менавіта першапачатковы сэнс – то святкаваць не трэба.

Сёння нават у свецкім грамадстве не надаюць гэтым дням той сэнс, а святкуюць як дзень мужчын і жанчын. І калі разглядаць іх як магчымасць дадаткова праявіць адзін да аднаго ўвагу, зрабіць прыемны падарунак, правесці з дарагімі для нас людзьмі час і падняць ім настрой, то лічу, што можна святкаваць.

Напрыклад, у нашай царкве мы не святкуем гэтыя святы, але звычайна ў лютым робім свята для тат, а ў сакавіку – для мам. Дзеці і падлеткі рыхтуюць віншавальную праграму: песні, вершы, сцэнкі, самаробныя падарункі для сваіх дарагіх. Дарослыя арганізоўваюць салодкі стол з рознымі прысмакамі.

Старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін:

- Не бачу нічога дрэннага ў самой ідэі святкавання 23-га лютага Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі. Аналагічныя ваенна-патрыятычныя святы адзначаюцца сёння практычна ў кожнай краіне. Хоць, вядома, гісторыкам можна спрачацца аб тым, які дзень для гэтага свята будзе больш прыдатным. Асабіста я не адзначаю 23 лютага, паколькі сам не служыў у войску і сваімі пастырскімі абавязкамі ніяк не звязаны з акармленнем узброеных сілаў. Зрэдку якія здараюцца віншаванні ў мой адрас з гэтай нагоды мяне толькі бянтэжаць.

А вось асобныя моманты гісторыі Міжнароднага жаночага дня ў шмат якіх хрысціянскіх даследчыкаў, як вядома, выклікаюць заклапочанасць. Сёння сярод праваслаўных вельмі папулярная ідэя замены сумніўных з іх пункту гледжання святаў на свае аналагічныя. Гэта, напрыклад, Тыдзень жанчын міраносіц (замест 8 сакавіка), Дзень сям’і, любові і вернасці ў дзень памяці Пятра і Фяўронні Мурамскіх (замест дня Св. Валянціна). Не ведаю, можа, і замест Хэлоўіна і дня св. Патрыка хутка штосьці з’явіцца.

І хоць асабіста для мяне магчымасць віншаваць жанчын 8 сакавіка не з’яўляецца пытаннем веры і маральнасці, у сям’і Міжнародны жаночы дзень мы не адзначаем. Увогуле, ні мне, ні жонцы ідэя неяк асобна вылучаць савецкія рэвалюцыйныя святы, у тым ліку Жаночы дзень, не цікавая. Свята бачыцца мне ўнутрана супярэчлівым: у тэорыі прысвечанае барацьбе за жаночыя правы, яно на практыцы сам аказваецца сексісцкім.

Нават калі абстрагавацца ад усяго гэтага рэвалюцыйнага духу і эмансіпацыйнага пафасу… не ўзгадваць пра Клару Цэткін і Розу Люксембург… Ведаеце, у цэлым, мне не здаецца правільным віншаваць чалавека толькі за тое, што ён нарадзіўся жанчынай ці мужчынам. Свята павінна мець пад сабой аснову — духоўную, рэлігійную, гістарычную альбо культурную. Прытым, абавязкова такую, якая святкуючы ўспрымае як каштоўнасць, і з якой адчувае маральную сувязь.

У той жа час, свята — гэта часам вельмі асабістае і індывідуальнае. Тое, што здаецца зусім нязначным аднаму чалавеку, уяўляе выключную каштоўнасць для іншага.

Ёсць агульныя святы, якія могуць аб’ядноўваць цэлыя нацыі, ці толькі прафесійныя групы, супольнасці грамадзян па факце іх адносіны да рэлігіі або неяк інакш. А ёсць сямейныя святы або нават проста асабістыя памятныя даты, сутнасць якіх зразумелая толькі дваім… Калі хочацца зрабіць прыемнае любімаму чалавеку, то навошта чакаць нейкага дня ў календары? А калі не хочацца, для чаго тады ўсё гэта? Таму, што «так прынята» і «ўсе так робяць»?

Аднак дакладна і адваротнае: калі чалавеку вельмі хочацца падарыць камусьці кветкі менавіта на 8 дзень сакавіка, то … хто ў праве яму перашкодзіць? Ды на здароўе! 

Паводле www.grodnensis.by