Біскуп Юрый Касабуцкі цэлебраваў Імшу ў замкавай капліцы ў Нясвіжы

2014-02-10-kasabudskij

9 лютага ў замкавай капліцы палаца Радзівілаў у Нясвіжы ў гадавіну яе пасвячэння адбылася Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Імша, у якой удзельнічалі кс. Аляксандр Вітко і кс. Павел Слука, праходзіла ў сямейнай атмасферы і цэлебравалася ў інтэнцыі руху “Equipes Notre Dame”. Эўхарыстыю ўпрыгожыў спевам парафіяльны хор. Па падліках супрацоўнікаў замка, у Імшы прымалі ўдзел у цэлым больш за 350 чалавек.

Біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі падкрэсліў важнасць “быцця соллю зямлі і святлом свету”. Па словах іерарха, “сваім прыкладам і паводзінамі мы можам асвячаць свет”.

Напрыканцы пробашч кс. Пётр Шарко разам з парафіянамі падзякаваў новапрызначанаму іерарху за цэлебрацыю Імшы і за тое, што ён распачынае свае першыя біскупскія крокі, не мінаючы Нясвіжчыны. 

Пасля Эўхарыстыі дзякуючы супрацоўнікам замка была арганізавана экскурсія, падчас якой вернікі пазнаёміліся з гісторыяй роду Радзівілаў і прадстаўленымі экспазіцыямі.

Паводле Catholic.by