Cустрэча адказных пар «Equipes Notre-Dame» адбылася ў Клецку

notre-dam21 верасня ў Клецку адбылася сустрэча адказных пар руху сужэнскай духоўнасці «Equipes Notre-Dame» (END). На сустрэчу прыбылі прадстаўнікі руху з розных куткоў Беларусі — Мінска, Баранавіч, Нясвіжа, Негарэлага, Ганцавіч, Гарадзеі, Салігорска, Мікашэвіч, Геранён, Суботнікаў.

Сустрэча распачалася святой Імшой, якую цэлебравалі духоўныя дарадчыкі руху на чале з ксяндзом Андрэем Сіповічам, духоўным дарадчыкам беларускага сектара END.

Сустрэча праходзіла ў свята св. Мацвея, апостала і евангеліста. «Ідзі за Мною» — словы Езуса, скіраваныя некалі да мытніка Мацвея, сталі дэвізам на пачатак новага фармацыйнага года «Equipes Notre-Dame». У наш час, калі каштоўнасць сям’і і сужэнскага жыцця нішчыцца з-за здрады, разводаў, п’янства і наркаманіі, важна пачуць голас Хрыста: «Ідзі за Мною!» «Ідучы за Хрыстом, мы не страцім сваёй чалавечай і сужэнскай годнасці, не патрапім у багну граху», — адзначыў у гаміліі кс. Сяргей Ангур TChr.

Пасля Імшы адбылася нарада адказных пар руху. Асноўныя накірункі працы ў 2013/2014 годзе акрэсліла адказная пара за рух у Беларусі — Таццяна і Мікалай Меляшкевічы з пасёлка Негарэлае Дзяржынскага раёна.

Аб неабходнасці сужэнскага духоўнага ўзрастання і пашырэння руху ў нашай краіне гаварыў кс. Андрэй Сіповіч.

«Як шмат ёсць яшчэ пар, — адзначыў святар, — якія акрамя матэрыяльнага дабрабыту шукаюць яшчэ і духоўнага багацця. І як гэтай духоўнасці ў наш час не хапае нашым сем’ям».

Рух «Equipes Notre-Dame» запрашае ў сваю супольнасць сужэнцаў, якія толькі стварылі сям’ю, і тых, хто ўжо не адзін год крочаць па жыцці побач, тых, у каго ёсць сямёйныя праблемы, і тых, хто хоча падзяліцца вопытам свайго сумеснага жыцця, калі яны хочуць будаваць сямейнае жыццё не толькі па свецкіх правілах, але і па Божых законах, і хочуць аддаць яго пад апеку Святой Сям’і. 

Больш падрабязную інфармацыю пра рух можна знайсці на сайце www.end.of.by, а таксама ў адказных пар ці святароў.

Тэрэса і Віктар Юрушы

Паводле Catholic.by