У Лагойску адбылася аплатковая сустрэча руху “Equipes Notre-Dame”

2 студзеня ў Лагойску адбылася аплатковая сустрэча руху “Equipes Notre-Dame”. Каб паяднацца і праславіць Пана, у Лагойск з'ехаліся сем'і руху з розных куткоў Беларусі, таксама былі запрошаны сем'і, якія яшчэ не належаць да руху. Прысутнічалі шэсць духоўных дарадчыкаў руху і сёстры законныя з Нясвіжа. На свята завітаў і хор "Чырвоныя макі" з Мінска з калядкамі.

Гасцей сардэчна сустрэлі арганізатары - сем'і з дзвюх суполак Лагойска на чале з парай экіпы сектара Валянцінай і Уладзімірам Паплёўкамі і пробашчам айцом Тамашам Маліноўскім MSF. 

Сустрэча пачалася Імшой у інтэнцыі руху “Equipes Notre-Dame”, якую ўзначаліў духоўны дарадчык руху ў Беларусі кс. Андрэй Сіповіч.

Пасля, выслухаўшы ўрывак з Евангелля аб Нараджэнні Збаўцы, усе дзяліліся аплаткай, выказваючы пажаданні. Арганізатары забяспечылі забаўляльную праграму: хор "Чырвоныя макі" спяваў калядкі, праводзіліся конкурсы для дзяцей і дарослых, дзе кожны атрымаў прыз. Не абышлося без святочнага пачастунка.

 

Таццяна і Мікалай Меляшкевічы

Паводле Catholic.by