Віншавальнае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага 75-годдзю заснавання Мінскай вобласці

18 студзеня 2013 г., Палац культуры ў Маладзечне

Глыбокапаважаныя ўдзельнікі!

Адміністратыўна-тэрытарыяльныя падзелы вядомыя яшчэ з часоў Старога Запавету. Менавіта закон Майсея даў Ізраэлю новую адміністратыўную структуру. Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква таксама складаюцца з дыяцэзій, якія дзейнічаюць на канкрэтна вызначанай тэрыторыі адной краіны. Усё гэта чыніцца для больш эфектыўнага кіравання і развіцця як дзяржаўных і грамадскіх, так і духоўных адзінак краіны.

Сёння Мінская вобласць адзначае юбілей 75-годдзя свайго заснавання. Тры пакаленні — гэта не так многа з пункту гледжання гісторыі чалавецтва. Аднак, беручы пад увагу канкрэтныя абставіны, для Мінскай вобласці гэта вельмі значны і гістарычны час. Ён складаецца з вельмі складаных падзей канца 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Потым Вялікая Айчынная вайна, калі фронт два разы — туды і назад — прайшоў па гэтай зямлі, прыносячы знішчэнні і беды. Аб гэтым сведчаць многія месцы мучаніцтва нявінных людзей. Аб гэтым сведчаць Хатынь і Трасцянец. Аб гэтым сведчаць разбураныя гарады і вёскі. Потым — час пасляваеннага адраджэння, адбудовы і адкрыцця новых прадпрыемстваў, якія сталі візітнымі карткамі Беларусі, і станаўлення гаспадаркі, дзякуючы чаму Мінская вобласць стала лідарам у многіх яе галінах. Дастаткова толькі прыпомніць, што вобласць стала міравым лідарам у прадукцыі славутых БЕЛАЗаў. 

Знакавымі таксама з’яўляюцца дасягненні ў хімічнай і лёгкай прамысловасці, станкабудаўніцтве, электроніцы, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, мэблевай вытворчасці, навуцы, культуры, спорце і г.д.

У наш час Мінская вобласць працягвае адыгрываць вядучую ролю ва ўсебаковым жыцці нашай Бацькаўшчыны і яго развіцці. Кіраўніцтва вобласці спрыяе справе адраджэння і развіцця духоўных каштоўнасцяў у нашым народзе. На тэрыторыі вобласці знаходзіцца Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, які сёлета адзначае 400-гадовы юбілей. Асаблівае месца ў сакральнай культуры займае касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. Дзякуючы дапамозе і спрыянню абласных уладаў гэтыя і таксама іншыя святыні аднаўляюцца і становяцца месцамі адраджэння духоўнасці, што вельмі важна для гарманічнага развіцця чалавека і грамадства. Паміж кіраўніцтвам вобласці і рэлігійнымі арганізацыямі склаліся і далей развіваюцца добрыя, канструктыўныя адносіны на карысць чалавека.

Ад усяго сэрца віншую кіраўніцтва і жыхароў Мінскай вобласці з юбілеем, жадаю апекі Маці Божай Будслаўскай і Божага благаслаўлення на многія лета.

Мінская вобласць, будзь і далей лідарам і светачам нашай краіны! 

Дзякую за ўвагу.