Хто такія езуіты?

Езуіт… Для многіх людзей гэтае слова асацыюецца з глыбокай духоўнасцю («ігнацыянскія медытацыі»), высокаадукаванымі і сціплымі манахамі, якія захапляюць сваёй эрудыцыяй і адкрытасцю на самыя розныя праяўленні культуры. Для іншых – гэта нейкае цьмянае слова з урокаў школьнай гісторыі. А для старэйшага пакалення, выхаванага на расійска-імперскай і савецкай літаратуры, «езуіт» — гэта сінонім кагосьці хітрага, крывадушнага, «памагатага заходняга імперыялізму». Дык хто ж яны на самой справе? Кім яны былі для Касцёла ў Беларусі? І хто яны цяпер?

Заснаванне ордэна

Манаскі ордэн езуітаў (дакладная назва: Таварыства Езуса) паўстаў дзякуючы старанням маладога іспанскага шляхціца Ігнацыя Лаёлы. Перажыўшы глыбокае вяртанне да Бога, гэты малады чалавек заснаваў манаскую супольнасць, якая ў 1540 годзе была афіцыйна зацверджана Папам Паўлам VI. Новапаўсталы ордэн паставіў перад сабой мэту спрыяць хрысціянскай адукацыі, выхаванню моладзі, дапамагаць у навучанні і духоўным фарміраванні будучых святароў.

З’яўленне новай манаскай супольнасці прыпала на вельмі складаны перыяд. Фактычна ў той самы час, на пачатку XVI ст., у многіх рэгіёнах Еўропы пачалі ўтварацца і актыўна дзейнічаць разнастайныя групоўкі пратэстантаў, якія распаўсюджвалі самыя неверагодныя погляды на рэлігію. Выкарыстоўваючы слабую адукаванасць насельніцтва, лідары новых рэлігійных груповак маглі лёгка маніпуляваць вернікамі. Таму для каталіцкага свету актыўнасць новапаўсталага манаскага таварыства ў галіне асветы і выхавання выглядала як дар Божага Провіду. Езуіты пачалі паўсюдна арганізоўваць асяродкі адукацыі і выхавання: прытулкі, школы, калегіумы, акадэміі. Ім удалося стварыць самую перадавую на свой час сістэму адукацыі ў Еўропе.

Езуіты ў Беларусі

Вельмі хутка айцы езуіты былі запрошаны на беларускія землі. Праз 20 гадоў ад заснавання ордэна, у 1560-я, яны пачалі сваю асветніцкую працу – спачатку на Віленшчыне, Полаччыне, а пасля і ва ўсіх значных гарадах нашай краіны. Менавіта на беларускіх землях манахі гэтага ордэна арганізавалі адзін з першых ва Усходняй Еўропе ўніверсітэт (акадэмію): у 1579 г. у Вільні, а пазней, у 1812 г., — у Полацку. Многія пакаленні духавенства, магнатаў, шляхты, мяшчан і здольнай сялянскай моладзі навучаліся ў шматлікіх езуіцкіх калегіумах, сярод якіх варта ўзгадаць Полацкі (1581), Нясвіжскі (1584), Пінскі (1638), Віцебскі (1637), Мінскі (1631), Аршанскі, Магілёўскі, Гарадзенскі, Мсціслаўскі, Чачэрскі, Клімавіцкі.

Дзякуючы свайму прынцыпу «інкультурацыі» (адкрытасці на кожную культуру) езуіты прымалі на навучанне ў свае калегіумы і акадэміі ўсіх ахвотных, незалежна ад іх нацыянальнасці і веравызнання. Дзякуючы ім сёння мы ганарымся цэлым шэрагам вялікіх постацяў, якія зрабілі бясцэнны ўнёсак у развіццё навукі і культуры не толькі Беларусі, але і ўсяго свету. Выхаванцамі езуітаў былі Сімяон Полацкі, Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, Валенцій Ваньковіч, Ян Баршчэўскі, Васіль Лужынскі і інш.

Нягледзячы на выгнанне айцоў езуітаў і разрабаванне іх спадчыны ў ХІХ–ХХ стст., яны пакінулі нам велічныя храмы, багатыя бібліятэкі, навуковыя лабараторыі, творы мастацтва. Дзякуючы іх старанням у часы русіфікацыі і паланізацыі не спынялася гучанне беларускай мовы і выданне беларускай кнігі. 

На пачатку ХХІ стагоддзя мы не перастаём з вялікім трымценнем маліцца ў велічных езуіцкіх касцёлах, напрыклад, у Нясвіжы або Гродне. Радуемся, калі бачым зноў, як у былыя часы, грамадкі студэнтаў на лекцыях у велічных гмахах езуіцкай Полацкай акадэміі, дзе цяпер месціцца адзін з факультэтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Няхай айцы езуіты застануцца ва ўдзячнай памяці кожнага з нас, бо дзеля ўзрастання веры і культуры нашага народа яны тут жылі, маліліся і працавалі.

Кс. Андрэй Рылка, «Каталіцкі веснік» №9 (30) верасень 2013 г.


Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

Паводле Catholic.by