Адвэнтовыя рэкалекцыі

44593

У нашай парафіі прайшлі рэкалекцыі з 12 па 14 снежня, якія праводзіў кс. Марат Казлоўскі пробашч з Мосара. 

А што такое рэкалекцыі? Рэкалекцыі (лац. recolligo, -ere – зноў збіраць). Іншая назва – духоўныя практыкаванні. Некалькі дзён, асабліва прысвечаных Богу, падчас якіх удзельнікі рэкалекцый прабываюць у малітве, разважаюць над сваёю вераю, адносінамі з Богам і бліжнімі ды іншымі аспектамі рэлігійнага жыцця. Дапамогаю ў такіх разважаннях з’яўляецца навучанне, якое выкладаецца ў форме лекцый. Мэта рэкалекцый – паглыбленне ўнутранага кантакту з Богам і аднаўленне духоўнага жыцця. Яны завяршаюцца споведдзю і прыняццем Камуніі. Рэкалекцыі бываюць адкрытыя (для ўсіх ахвотных) і закрытыя (у кляштарах і спецыяльных рэкалекцыйных цэнтрах, калі ўдзельнікі цалкам пакідаюць свае штодзённыя заняткі і ў маўчанні засяроджваюцца над малітваю і разважаннем). У перыяд Адвэнту і Вялікага посту Касцёл заахвочвае ўсіх вернікаў прыняць удзел, прынамсі, у адкрытых рэкалекцыях.


У першы дзень рэкалекцый кс. Марат разважаў разам з намі над словам Адвэнт, якое паходзіць ад лац. слова adventus – прыйсце. Рэкалекцыяніст заклікаў да добага прыгатавання на сустрэчу з Хрыстом, які павінен перш за ўсё нарадзіцца ў нашым сэрцы.


У другі дзень мы свае вочы накіроўвалі на Марыю падчас святая Імшы Раратняй. Кс. Марат прыпомніў нам, што свечка раратка сімвалізуе Найсвяцейшую Марыю Панну, якая з’яўляецца для нас прыкладам паслухмянасці і веры. А вечарам кожны мог прыступіць да сакраманту Паяднання, каб лепш прыгатавацца да Божага Нараджэння.


У апошні дзень рэкалекцый кс. рэкалекцыяніст звярнуў увагу на сям’ю, а асабліва на бацькоў, якія павінны прыкласці ўсе намаганні, каб даваць для сваіх дзяцей добры прыклад. Быць для іх перш за ўсё аўтарытэтам малітвы.
А на пры канцы рэкалекцый парафіяне падзякавалі кс. Марату Казлоўскаму, што знайшоў для нас час, каб лепш прыгатаваць нашыя сэрцы да Нараджэння Хрыста.