Начное чуванне моладзі ў Мінску

phoca thumb l chuvanne 76З 13 па 14 снежня моладзь нашай парафіі разам з кс. Андрэем Калядка прыняла ўдзел у начным чуванні ў Мінскай архікатэдры пад дэвізам „Застанься тут і чувайце разам са Мною” (Мц 26, 38).

На чуванні ўдзельнічала больш чым 450 чалавек не толькі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але і з усёй Беларусі. З нашай парафіі было 13 чалавек гэта Андрэй Котаў, Віталій Раманчук, Максім Жураўскі, Ілья Чынякін, Аліна Жук, Ангеліна Саковіч, Вікторыя Катовіч, Кацярына Поляк, Святлана Абрамовіч, Таццяна Вішнякова, Маша Вайцяшэнка, Алёна Шкраба і Вольга Іванічкіна.

Падчас свтой Імшы арцыбіскуп падкрэсоліў важную ролю малітвы ў жыцці хрысціаніна: "Ніякія навыкі ці магчымасці не заменяць таго, што малітва можа ўчыніць у нашым жыцці. Паколькі малітва дазваляе нам дакрануцца да Бога, то нешта вельмі значнае адбываецца тады, калі мы знаходзімся ў кантакце з Ім. Ніхто і нішто не можа замяніць кантакту з Богам". Звяртаючыся да моладзі на завяршэнне гаміліі, арцыпастыр заахвоціў: "Малады чалавек, адкажы сёння: як выглядае тваё малітоўнае жыццё? Ад гэтага будзе залежаць твая будучыня…" 

На прыканцы святой Імшы да моладзі звярнуўся Апостальскі Нунцый  арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Іерарх сказаў, што ў гэты вечар прыйшоў сюды, каб споўніць волю Пантыфіка і ўдзяліць моладзі благаслаўленне ад імя Папы. "Мы ведаем, што знак моладзі — гэта ўсмешка, таму мы вырашылі ў якасці ўспаміну пра Святога Айца падарыць вам выяву Папы з усмешкай, каб гэта абудзіла ў вас прагу дзейнічаць", — дадаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. 

Дэманструючы здымак-напамін з выявай Папы, які трымае на руцэ папугая, арцыбіскуп дадаў, што гэтая памятка — як знак Касцёла, які ўсміхаецца, а таксама сімвал вернікаў, якія не згубілі радасць да жыцця, а паглыбілі яе. "Жадаю вам, каб вы былі прыгожыя рознымі колерамі, як гэтая птушка. Добрага палёту, дарагая моладзь Беларусі!" — пажадаў Апостальскі Нунцый.