Як падрыхтавацца да візіту святара ў наш дом?

У перыяд Божага Нараджэння і пасля яго ў кожнай парафіі адбываецца душпастырскае наведванне сем’яў — так званая каляда. Раней гэтыя візіты святара распачыналіся на Новы год (ці на наступны дзень), а заканчваліся ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана (6 студзеня).

Каляда — гэта перш за ўсё падзяка Богу за атрыманыя ласкі ў мінулым годзе і малітва аб апецы ў наступным, а таксама магчымасць асабістага знаёмства са святаром. У Каталіцкім Касцёле да душпастырскага візіту абавязвае кананічнае права, якое прадпісвае наведванне сем’яў для пашырэння веры і аказання неабходнай духоўнай дапамогі.

 Для таго, каб дадзеная рэлігійная падзея прайшла належным чынам, неабходна стварыць для яе адпаведныя знешнія ўмовы: засцяліць стол белым абрусам, на якім будуць знаходзіцца крыж, свечка, асвячоная вада і крапідла.

Асаблівасцю душпастырскай сустрэчы з’яўляецца тое, што ў ёй павінна ўдзельнічаць уся сям’я (і толькі адна). Таму сям'я абавязана даведацца, у які дзень і а каторай гадзіне святар наведае дом, каб усе члены сям’і маглі загадзя падрыхтавацца да таго, каб у гэты час быць дома.

Важна запрасіць святара менавіта з той парафіі, да якой сям'я належыць тэрытарыяльна (выбраўшы на мапе адпаведную дыяцэзію, адшукай сваю парафію). Гэта будзе выхоўваць пачуццё адказнасці за сваю парафіяльную супольнасць, за яе будучыню.

Гаспадар павінен прывітаць святара і пазнаёміць яго з тымі членамі сям’і, якіх ён не ведае. Сустрэча працягваецца гутаркай, звязанай з духоўным жыццём сям’і. Пасля адбываецца супольная малітва і асвячэнне пакояў. 

Паводле www.catholic.by