Што значыць верыць? Ключ да гармоніі душы і цела

Чалавеку вельмі няпроста ў адносінах з Панам Богам пагадзіць духоўную і цялесную сферу. Людзі з незапамятных часоў у самых розных культурах і цывілізацыях вагаліся як на шалях, канцэнтруючыся то на духоўнасці, то цялеснасці чалавека. Калі Сын Божы прыйшоў на гэты свет і пачалася хрысціянская эра, Касцёл таксама сутыкнуўся з гэтай праблемай.

Якую ролю ў адносінах з Богам і ўвогуле ў жыцці хрысціяніна павінна адыгрываць сфера духа, а якую – сфера цела? Калі б мы прасачылі ўсю гісторыю развіцця хрысціянскай веры, то заўважылі б незлічоныя і самыя неверагодныя варыяцыі ў пошуках адказу на гэтае пытанне. Сёння ў нашым размове мы пастараемся зазірнуць у каштоўную скарбніцу вопыту Касцёла, каб усё ж такі дакапацца да ісціны: ад чаго залежыць здаровы баланс паміж душой і целам у жыцці чалавека і яго ўзаемаадносінах з Богам.

Калі Сын Божы дзве тысячы гадоў таму ўвайшоў у гісторыю гэтага свету, то ён уцелавіўся ў асяроддзі рымскай імперыі, дзе велізарную ролю адыгрывала чалавечая цялеснасць. Тагачасная культура была ў чымсці блізкая сучаснай т.зв. секулярнай заходняй культуры. У гэтай культуры пераважаў культ цела. Ён быў важнейшы за душу. Ці ж не мала вакол нас і сёння людзей, якія кажуць: “Жыві тым, што бачыш і чуеш! Дагаджай свайму целу. Яно бачнае, а дух няўлоўны”. Нават многія веручыя людзі, якія адчучваюць духоўныя патрэбы, паддаюцца ціску спажывецкай культуры. У сучасным свеце хрысціяне жывуць пад моцным ціскам культуры цела, спажывецкасці, завышанай увагі да матэрыяльнага. Сколькі ж хрысціянаў пакутуе ад раздвоенасці, балансуючы з пераменным поспехам паміж цягай да Бога і спакусай жыць так, як матэрыялісты, якія думаюць толькі пра цела.

Яшчэ старажытныя айцы Касцёла заўважылі, што асобы, якія нібыта сканцэнтраваныя на дагаджанні свайму целу, на самой справе ператвараюць яго ў інструмент, моцна яго прыніжаюць, выкарыстоўваюць як раба або машыну. Назіраючы таксама за сучасным спажывецкім грамадствам, можна заўважыць, як людзі ў імя матэрыяльнага дабрабыту нішчаць сваё цела. Яны змушаюць сябе цяжка працаваць, выціскаюць са свайго цела ўсе рэсурсы, харчуюцца абы чым. І ўсё гэта робяць не з думкай аб целе, але аб шчасці. Толькі гэтае шчасце разумеюць колькасна, як суму матэрыяльных дабротаў. А колькасць ніколі не пераходзіць у якасць. Таму матэрыялісты ніколі не насычаюцца, а наадварот, чым больш маюць, тым больш адчуваюць сябе няшчаснымі. Бо шукаюць шчасця там, дзе яго няма.

Наступства расчаравання ў цялеснасці – велізарная пагарда ўсім матэрыяльным. Гэта ўжо не выкарыстанне цела, але абыякавасць або нават нянавісць да яго. Хоць гэты погляд не папулярны ў сучаснай масавай свядомасці, аднак здараюцца паасобныя хрысціяне, якія знаходзяцца пад моцным уплывам спакусы пагарды да сябе, да свайго цела.

Назіраючы за вярчэннем чалавека ў замкнёным коле паміж душой і целам, узнікае заканамернае пытанне: дзе выхад, што Пан Бог прапаноўвае нам? Адказ Бога на гэтае пытанне аказваецца геніяльна просты: трэба проста перастаць круціцца вакол чалавека, а ўзняць позірк па-над душу і цела. Мэта нашага жыцця, сэнс існавання чалаваека не ў ідэальнай душы або целе, не ў матэрыі або духу. Нашая годнасць у дасканалых адносінах - Камуніі - з Богам. Мяне, як святара, заўсёды захапляе назіранне за тым, як надыходзіць гармонія ў жыцці нейкай асобы або сям’і, калі яна перастае канцэнтравацца на сабе і пачынае слухаць Бога і падпарадкоўваць сваё жыццё Яго запаведзям, Яго парадам, Ягонай маралі.

Вельмі добра на гэтую тэму выказаўся Папа Бенедыкт XVI ў энцыкліцы “Deus caritas est”. Святы Айцец між іншым напісаў: “Хрысціянская вера заўсёды прызнавала чалавека як адзінае, але адначасова падвойнае быццё, у якім дух і матэрыя ўзаемапранікаюцца, дазнаючы тым самым новай шляхетнасці…” Крыніца гэтай шляхетнасці, як таксама крыніца шчасця і сэнсу чалавечага жыцця, знаходзіцца не ў душы і не ў целе, але ў Богу, у адносінах з Ім. Будуючы сваё жыццё на адносінах з Богам у Ягоным Касцёле, мы дасягаем здаровы баланс паміж цялеснасцю і духоўнасцю. 

Паводле www.grodnensis.by