Дзень св. Валянціна - "аднадзённае" каханне?

Ад пачатку лютага вуліцы ператвараюцца ў «вуліцы чырвоных сардэчкаў» ва ўсіх самых разнастайных праявах - папяровых, пластмасавых, гумовых і плюшавых. Прыйшло свята, імя якому - Дзень святога Валянціна. Хоць у назве і фігуруе слова "святы", гэта зусім не азначае, што святыні маюць наплывы вернікаў у гэты дзень. Затое наплывы пакупнікоў маюць прадаўцы вышэйзгаданых «чырвоных сардэчкаў»

На самай справе Дзень святога Валянціна не мае абсалютна нічога агульнага з самым святым.Святы Валянцін Рымскі, быў схоплены за вызнанне Хрыста, закаваны ў кайданы і прыведзены да імператара Клаўдзія для допыту. «Што ты думаеш пра багоў Зеўса і Меркурыя?» - спыталі яго. «Нічога іншага я не думаю, - сказаў святы, - як толькі тое, што яны былі бездапаможныя і бязбожныя людзі, якія час свайго жыцця правялі бязбожна, у пароках і задавальненнях». Сёння яго імем актыўна спекулююць на паштоўках-віншаваннях, якія называюцца «валянцінкамі».

Гісторыя ж «валянцінак» такая: У тыя дні, калі імператар Клаўдзій загадаў абезгаловіць Валянціна (14 лютага 269 года), у імперыі праходзілі штогадовыя ўрачыстасці ў гонар багіні Юноны. Адной з традыцый свята было дарыць адзін аднаму запіскі з імёнамі закаханых. Хрысціяне перанялі гэты звычай, запісваючы на паштоўках імёны святых. Менавіта таму Святы Валянцін стаў апекуном закаханых.

Што ж адзначаем мы? Дзень памяці мучаніка або свята ўсіх закаханых? Вядома, нават каталікі імкнуцца да апошняга. Самым цікавым гэта свята з’яўляецца для школьнікаў, калі ў «любоўную пошту», скрыню, якая стаіць дзесьці каля настаўніцкай, дзяўчынкі з юначым трапятаннем кідаюць гарачыя пасланні, скіраваныя каму-небудзь з аблюбаваных старшакласнікаў. А потым, з не меншым трапятаннем, чакаюць адказу.

У старэйшым веку «любоўную пошту» ужо наўрад ці сустрэнеш. Праўда, у гэтым выпадку дапамагаюць «эсэмэскі», «і-мэйлы» і розныя службы «кіберлавы».

Вядома, прызнацца ў каханні, падарыць мілай/міламу падарунак у выглядзе вясёлага чырвонага сэрца, напісаць рамантычны вершык ў «эсэмэсцы» - найпрыемнейшы ў свеце занятак. Але, скажыце, калі ласка - няўжо для гэтага ўсяго ёсць толькі адзін дзень у годзе?! Чаму ў іншыя дні года нідзе не знойдзеш паштоўкі- «валянцінкі», адсутнічаюць сэрцы на вітрынах крамаў і пажаданні з «вечным каханнем» ад сяброў? Няўжо кахаць і любіць дазволена толькі раз у год? Гэта свята накшталт адыёзнага Дня 8 сакавіка, уся сутнасць якога ўкладаецца ў нявыдуманы анекдот: «Маўчы, жанчына, твой дзень - 8 сакавіка !!». Так і 14 лютага - адзіны ў годзе дзень для любові.

Я не супраць кахання, я супраць таго, каб яно было «аднадзённым». Любіць трэба пастаянна 365 дзён у годзе! Каханне трэба падтрымліваць, сілкаваць і песціць, як далікатную кветку.

А гэты дзень, 14 лютага, верагодна, прыдумалі прадаўцы «валянцінак». Бо, не дай Бог, каб каханы чалавек не падарыў табе «валянцінку» - скандалу не пазбегнуць. А гэта, вядома ж, «на руку» прагматычным прадаўцам «любоўных» дробязяў.

Я не заклікаю Вас ігнараваць Дзень закаханых, толькі заклікаю пашырыць яго да Года закаханых і далей - аж да Вечнасці закаханых! І не саромейцеся дарыць падарункі любімаму чалавеку ў любы дзень года! (Аўтар Эльнара Каралёва)

Паводле www.grodnensis.by