Перыгрынацыя фігуры св. Арханёла Міхала

IMG 5942Пасля 245 год, адбылася святая Імша на Міхальскай гары каля Нясьвіжа, дзе знаходзіўся касцёл Святога Міхала і кляштар езуітаў. На фотаздымку там, дзе стаіць фігура быў прэзбітэрый касцёла 

 

Гістарычная даведка

На гары Анёльскай

Сярод святынь, знішчаных яшчэ ў XIX ст., але захаваўшых гісторыка-мастацкую каштоўнасць да нашага часу, вылучаецца касцёл Міхала Арханёла на гары Анёльскай, што пад Нясвіжам. Цікавы артыкул прысвяціў гэтаму помніку вядомы польскі даследнік будаўнічай дзейнасці ордэна езуітаў ва ўсёй Рэчы Паспалітай ксёндз Ежы Пашэнда, які прыводзіць падрабязныя звесткі з гісторыі славутага ў мінулым касцёла.

Гара Анёльская, ці як яе яшчэ называлі – Архангельская ці Свята-Міхайлаўская, уяўляе ўзгорак, найвышэйшы ў наваколлі, прыблізна за 0,7 км. на паўднёвы ўсход ад Нясвіжа. Ад касцёла, што калісьці стаяў на ёй, як сведчыць У. Сыракомля, і пайшла прымаўка: «Адсунуўся – як святы Міхал ад Нясвіжа».

Будаўніцтва касцёла і манастыра пры ім цягнулася доўга, у некалькі этапаў. Першая фундацыя належыць Мікалаю Крыштофу Радзівілу Сіротку, які перад вандроўкай у Святую Зямлю ў 1582 г. даў абет пабудаваць капліцу ў гонар святога Рафаіла, апекуна падарожнікаў. Але будаўніцтва яе пачалося толькі праз 11 гадоў у 1593 г., пасля заканчэння будаўніцтва езуіцкага касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Князь разам з сям’ёй і дваром прымаў удзел ва ўзвядзенні капліцы, падносячы цэглу, вапну і ваду. За 10 дзён невялікі храм быў пастаўлены. З розных крыніц вядома, што ён меў памеры 9x13 локцяў (каля 5,4x7,8 м) і незвычайную шасцігранную форму, якой заказчыкам надавалася сімвалічнае значэнне. Валодаць касцёлам сталі нясвіжскія езуіты.

Хаця ў 1598 г. галоўны алтар (а значыць, храм) быў асвячоны ў гонар святога Рафаіла, ужо ў 1600 г. мясцовыя жыхары стыхійна перайменавалі яго ў гонар Міхаіла Архангела, які лічыўся патронам Белай Русі і карыстаўся вялікай папулярнасцю ў народзе. Тым часам гара Анёльская набыла славу цудатворнай. Маленькі храм не ўмяшчаў усіх паломнікаў. Таму, ужо пасля смерці Сіроткі, паміж 1616 і 1620 гг. па фундацыі гетмана Вялікага Княства Літоўскага Яна Караля Хадкевіча, які меў звычай перад кожнай ваеннай кампаніяй заручацца падтрымкай у святога Міхаіла, касцёл пашыраецца і зноў асвячаецца ў 1629 г.

Да старой капліцы, што стала прэсбітэрыем (алтарнай часткай), далучыўся простакутны неф памерамі 23x44 локці (каля 13,8x26,4 м), з крухтай (тамбурам) пры ўваходзе. Да 1635 г. былі створаны тры алтары ўнутры храма: галоўны – святога Міхаіла і ўсіх хораў анёльскіх (фундацыі сына Сіроткі Альбрэхта Ўладзіслава Радзівіла) і бакавыя – святога Гаўрыіла (фундацыі яго жонкі Ганны Соф’і з Зяновічаў) і святога Рафаіла (фундацыі Соф’і Ганны Слушкі).

На сродкі рэктара нясвіжскага калегіума езуітаў М. Гінкевіча ў 1643-1644 гг. вакол храма пабудавана мураваная агароджа з 9 капліцамі, прысвечанымі ўсім хорам анёльскім. Па-за касцёлам у 1675 г. пачалі будаваць жылы корпус для манахаў. На яго месцы ў 1720-1732 гг. узводзіцца новы гмах з удзелам прыдворнага архітэктара князя Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі – Казіміра Антонія Здановіча. Ад XVIII ст. захаваліся звесткі аб шматлікіх ахвяраваннях на рамонт касцёла, які час ад часу накрываўся новай гонтай. Унутры было створана 7 новых бакавых алтароў. Пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 г. будынкі нейкі час заставаліся безгаспадарчымі, а ў пачатку XIX ст. там размясцілі казармы. У сярэдзіне стагоддзя У. Сыракомля пісаў, што «касцёл, пазбаўлены сваёй вежы, пераўтвораны ў склад пораху і вайсковай амуніцыі, ад калегіума няма і слядоў». Як зазначае Е. Пашэнда, у XX ст. не было ўжо слядоў і касцёла, аднак, выкарыстоўваючы розныя архіўныя крыніцы, ксёндз робіць спробу рэканструкцыі храма.

Графічных матэрыялаў з выявай помніка, на жаль, не захавалася, і таму даследнікам былі зроблены даволі ўмоўныя схемкі пераважна на падставе інвентарнага апісання касцёла і кляштара 1788 г. Яны прадстаўляюць манастырскі комплекс, у цэнтры якога размешчаны культавы будынак незвычайнай кампазіцыі. Незвычайнасць гэта тычыцца галоўным чынам алтарнай часткі. Яна ўяўляе нероўнабаковы шасціграннік, які мае па падоўжнай восі 13 локцяў, а па папярочнай – 9, па вышыні роўны з вялікім нефам, што прылягае да яго вузкага тарца. Аб’ём, адпаведна апісанню, перакрыты самкнёным купалам з галоўкай, што, аднак, вельмі складана, амаль нерэальна канструкцыйна, пры пазначанай форме плана. Роўна з бакавымі фасадамі нефа і ўсходнім тарцом алтара даследнікам паказаны сцены сакрысцій, што робіць план будынка моцна выцягнутым чыстым простакутнікам, а сакрысціі па памерах большымі за прэсбітэрый. Паўночная сакрысція на плане злучана пераходнай галерэяй з паўночным крылом манастырскага корпуса, які меў вось сіметрыі, агульную з касцёлам і кляштарнымі мурамі, што вызначыла сіметрычную будову ўсяго ансамбля.

Кляштарны будынак, ці калегіум, як называліся манастыры езуітаў, быў двухпавярховы, П – падобны ў плане, з аднабаковай калідорнай сістэмай планіроўкі і лесвіцамі ў цэнтральным і паўночным крылах. У светлых калідорах стаялі шафы з кнігамі, паміж імі на сценах вісела шмат абразоў, партрэтаў фундатараў і кіраўнікоў ордэна. Бакавыя крылы ўтваралі з захаду перад цэнтральным корпусам простакутны двор, а з усходу выступалі невялікімі рызалітамі. У паўднёвым і цэнтральным крылах змяшчаліся жылыя памяшканні («ізбы»), а ў паўночным – кухня, сталовая, а над імі зала пасяджэнняў канвікта. Першы паверх меў скляпеністыя перакрыцці, другі – дашчаную столь. У сярэдзіне галоўнага фасада з боку двара знаходзілася квадратная вежа, на два ярусы вышэйшая за гмах, з фігурным барочным завяршэннем. Трэці ярус вежы займала «ізба гасціная». Ад увахода праз вежу вёў кароткі папярочны калідор з выйсцем на ганак, з боку дваровага фасада аформлены чатырма слупамі.

Ад крылаў калегіума сіметрычна адыходзілі васьмігранныя ў плане кляштарныя муры, якія авалам ахоплівалі будынак касцёла. На зломах і пасярэдзіне падоўжных граняў размяшчалася восем круглых каплічак з шатровымі дахамі. Дзевятая квадратная ў плане каплічка з фігурным франтончыкам прылягала да тарца прэсбітэрыя. Своеасаблівая кампазіцыя ансамбля вырашала не толькі архітэктурна-мастацкія, але і ралігійна-семантычныя задачы.

У люстрацыі касцёла святога Міхаіла, зробленай пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 г., якая захоўваецца ў Цэнтральным гістарычным архіве старажытных актаў у Маскве, так падаецца апісанне манастырскага комплексу: «Гай бярозавы на гары, паркан мураваны на 8 граней. У першай грані – брама з франтонам, дахоўкамі крыта, вароты абіты цвікамі. Званіца драўляная, зробленая ў квадрат, дах таксама квадратны, абіты гонтай, паднята на два ярусы на рагу першай грані паркана».

Усе збудаванні ансамбля былі накрыты гонтай, за выключэннем купалоў, абітых бляхай. Па люстрацыі, адна мураваная вежа з купалам, вышыней роўная з дахам, узвышалася над алтаром «пры шчыце даха». На галоўным фасадзе меліся тры вежачкі: цэнтральная, «мураваная на 8 граней над дахам касцельным», перавышала яго на «адзін ярус з вокнамі сляпымі». Невялікі купалок над ёй таксама ў «адзін ярус з гонты» завяршаўся выявай Міхаіла Архангела «з бляхі медзянай». Франтон фланкіравалі дзве больш нізкія вежы «ў чатыры вуглы», накрытыя купалкамі з галоўкамі. Унутры неф перакрываўся «авальным» скляпеннем, купал у алтары быў мураваны, падлога цагляная. Пад касцёлам знаходзілася крыпта з двума выхадамі: унутр храма і на манастырскія могілкі. Хоры размяшчаліся над уваходам і над сакрысціямі.

У некаторых дэталях рэканструкцыя Е. Пашэнды не адпавядае апісанню, якім мы маглі карыстацца, і нашаму ўяўленню пра архітэктоніку помніка. Гэта сведчыць аб тым, што нават вельмі дакладна ідучы за інвентарамі іх можна разумець па-рознаму, таму што складаліся яны рознымі людзьмі, з рознай адукацыяй, тэрміналогіяй і сістэмай светапогляду. Таму хацелася б зрабіць некалькі заўваг да выдатна ў цэлым зробленага даследавання. Найбольш спрэчнымі з’яўляюцца архітэктурна – кампазіцыйныя аб’ёмна – прасторавыя суадносіны паміж элементамі будынка касцёла, прапорцыі і формы яго частак.

Па-першае, вышыні аб’ёмаў увогуле вызначаны на падставе вельмі спекулятыўных меркаванняў і прыватных густаў даследніка. На наш погляд, яны адрозніваюцца ад сапраўдных. Вышыня нефа, хутчэй за ўсё, павінна быць меншай, не ўзнімацца над двухсхільным дахам. Гэта зрабіла б больш рэальнымі суадносіны вышынь і памераў планаў прэсбітэрыя і крухты.

Па-другое, прапанаваная форма плана прэсбітэрыя (першапачаткова асобнага збудавання) у выглядзе няроўнабаковага шасцігранніка вельмі спрэчная. Яна заснавана на тым, што даследнік узяў даўжыню 13 локцяў па падоўжнай восі і максімальную шырыню 9 локцяў, незважаючы на тое, як зададзеныя параметры суадносяцца з кампазіцыяй і канструкцыяй рэальна існаваўшага збудавання. Немагчыма перакрыць яго, як паказана на малюнку, купалам – формай, па свайму зместу заўжды цэнтрычнай. Але калі тыя ж памеры памяняць месцамі і прыняць 9 локцяў за дыяметр упісанага ў шасціграннік круга, а 13 локцяў – за дыяметр круга, апісанага вакол яго, мы атрымаем правільны шасціграннік – гексагон, які лёгка перакрываецца купалам. Менавіта гэтая дакладная геаметрычная форма сімвалізуе прыгажосць, гармонію, каханне, мір, багацце, узаемнасць, сіметрыю і суадносіцца з сонцам, цэласнасцю Сусвету і г.д.

Але неаднаразова падкрэсленае ў розных крыніцах сімвалічнае значэнне, якое надавалася форме першапачатковага плана капліцы святога Рафаіла на гары Анёльскай, яшчэ не азначае, што яна была менавіта такая. У альбоме архітэктурна-будаўнічых чарцяжоў канца XVI ст. з Нясвіжа на лісце 23 змешчаны планы дзвюх капліц без надпісу. Верхні план прадстаўляе просты простакутны аб'ём з невялікай паўкруглай апсідай і падпорнымі сценкамі на галоўным фасадзе. На плане пазначаны памеры 13x9 локцяў. Ці выпадковае гэтае супадзенне? Ці не маглі ў вызначэнні колькасці граняў пэўную ролю адыграць падпорныя сценкі? Магчыма, што гэта праектныя нерэалізаваныя варыянты храма. Але гэтыя пытанні, верагодна, ніколі не будуць канчаткова вырашаны, таму што найлепшым навуковым доказам было б існаванне славутай святыні.

 

Dom rekolekcyjny (III probacja) – kościół p.w. Św. Michała Archanioła

1582-1613 – świątynia Św. Rafała i Św. Michała
1593 – budowa kościoła ku czci św. Rafała, na najwyższym wzniesieniu za miastem z fundacji Radziwiłła Sierotki, jako wypełnienie zobowiązań z 1582 r. 
1596 – konsekracja ołtarza p.w. Św. Rafała
1600 – zmiana dedykacji na Św. Michała

1614-1773 – klasztor jezuitów
1614 – fundacja kolegium jezuickiego przez Karola Chodkiewicz, umiejscowiona na Górze Anielskiej
1616-1629 – budowa obszernego kościoła, dla którego dawna kapliczka stanowi prezbiterium, kościół obudowano murem z 10 kaplicami dla uczczenia chórów anielskich.
1635 – poświęcenie 3 ołtarzy ku czci trzech Archaniołów
1675 – budowa klasztoru

1686-1760 – dom III probacji
1688-1691 – rektorem o. Andrzej Rybski SJ
1691-1694 – rektorem o. Andrzej Domajewicz SJ
1695-1697 - rektorem o. Marcin Kołakowski SJ
1697-1699 - rektorem o. Jan Łukaszewicz SJ
1699-1702 - rektorem o. Jan Schwang SJ
1702-1705 - rektorem o. Tomasz Łącki SJ
1705-1709 - rektorem o. Aleksander Kasztela SJ
1709-1712 - rektorem o. Maciej Miłuński SJ
1712-1716 - rektorem o. Jan Bielski SJ
1716-1717 – wicerektorem o. Jan Łukaszewicz SJ
1717-1722 - rektorem o. Wojciech Daniszewski SJ
1720-1732 – początek budowy nowego klasztoru (arch. K. Zdanowicza)
1722-1725 - rektorem o. Jan Jabłoński SJ
1725-1728 - rektorem o. Fabian Bartold SJ
1728-1731 - rektorem o. Jan Pozniakowski SJ
1731-1735 - rektorem o. Mikołaj Czarzasty SJ
1735-1738 - rektorem o. Antoni Misztołd SJ
1738-1741 - rektorem o. Franciszek Skłodowski SJ
1741-1745 - rektorem o. Jan Zrzelski SJ
1745-1748 - rektorem o. Franciszek Skłodowski SJ
1748-1752 - rektorem o. Feliks Wierzbicki SJ
1752-1753 - rektorem o. Franciszek Skłodowski SJ
1753-1756 - rektorem o. Tomasz Sidorowicz SJ
1756-1758 - rektorem o. Franciszek Ogiński SJ
1759-1760 - rektorem o. Antoni Loupia SJ

1760-1773 – dom nowicjatu
1760-1763 - rektorem o. Marcin Kurzeniecki SJ
1763-1766 - rektorem o. Wincenty Przyborowski SJ
1766-1770 - rektorem o. Marcin Kurzeniecki SJ
1770-1771 - rektorem o. Józef Mirzyński SJ
1771-1773 - rektorem o. Gabriel Śnitko SJ
1772 – mieszka tu 42 zakonników (4 kapłanów i 23 kleryków)
1773 – kasata klasztoru

XVIII-XX w. – desakralizacja świątyni
1830 – kościół zniszczony służył za skład materiałów wojskowych.
Poł. XIX w. – rozebranie wieży kościelnej
2000 – zachowały się tylko fragmenty fundamentów

Гістарычную даведку падрыхтаваў Вячаслаў Мазалеўскі. 

фота с. Яніна Жукоўская

 

IMG 5933

IMG 5934

IMG 5935

IMG 5936

IMG 5937

IMG 5938

IMG 5939

IMG 5940

IMG 5941

IMG 5942