Чаму не трэба баяцца пятніцы 13-га?

Многія наадварот лічаць гэтае чысло шчаслівым, але Касцёл кажа, што лічбы не павінны вызначаць учынкі чалавека. Дзве запар пятніцы 13-га перажываем мы ў 2015 годзе: у лютым і ў сакавіку. Таксама ў лістападзе 13-е чысло выпадае на пятніцу. Забабонныя людзі асцерагаюцца бяды ў гэты дзень, але Касцёл ў каторы раз заклікае не верыць у забабоны.

Нават калі ўзяць у прыклад 13-га лютага - мінулы «страшны дзень» - архівы навін за гэтую дату не выдаюць ніякіх надзвычайных здарэнняў.

Хоць аматары забабонаў прыводзяць у прыклад НЗ з лікам 13: у трынаццаты па ліку слуп урэзаўся «Мэрсэдэс» прынцэсы Дыяны, «Апалон-13» стартаваў ў 1970 годзе ў 13 гадзін 13 хвілін, але палёт аказаўся няўдалым з-за выбуху кіслароднага балона. Карта XIII у калодзе Таро пазначае Смерць. Але шмат і адваротных прыкладаў. У культурах Італіі і Кітая чысло 13 традыцыйна лічыцца шчаслівым. Шахматыст Гары Каспараў заўсёды лічыў 13 сваім шчаслівым чыслом. Нямецкі футбаліст Міхаэль Баллак амаль усю кар'еру гуляе пад 13 нумарам. Іспанскія і партугальскія маракі пятніцу 13-га лічаць спрыяльным днём для адплыцця.

Касцёл кажа, што ніякія спалучэнні лічбаў не могуць вызначаць лёс чалавека і ўплываць на яго ўчынкі. Усе дні для хрысціяніна павінны быць аднолькавымі: нягледзячы ні на што следаваць Божым запаведзям, шукаць Яго волю, баяцца граху, выконваць свае абавязкі. А верачы ў «фатальны дзень» чалавек робіць грэх, таму што здраджвае любові Бога, давярае не Яму, а мёртвым лічбам. Забабоны наконт пятніцы трынаццатага абсурдныя не толькі з хрысціянскага, але і культурнага пункту гледжання. Ні ў адной старажытнай культуры гэта павер'е не прасочваецца, і ўзнікла яно параўнальна нядаўна. Самая распаўсюджаная версія - забабоны з'явіліся пасля пакарання смерцю кіраўнікоў Ордэна тампліераў ў XIV стагоддзі ў Францыі ў пятніцу 13-га. Тады гэты дзень, нібыта, праклялі. 

Паводле www.grodnensis.by

Існуе і псеўдабагаслоўская трактоўка: трынаццаць - гэта 12 апосталаў і Юда. Гэта значыць, лічба 13 быццам сімвалізуе здраду Юды і смерць Езуса Хрыста. Але Госпада ўкрыжавалі менавіта ў пятніцу, таму гэты дзень для хрысціянаў павінен быць перш за ўсё днём посту і разважанняў над Яго крыжовай смерцю і сваімі грахамі, асаблівым днём пакаяння.