Пілігрымка да Маці Божай Шкаплернай у Мядзёле
16 ліпеня. Сонца яшчэ нават не паказалася. У паветры адчувалася свежасць. А група людзей мітусілася ля касцёла ў Нясвіжы. Яны былі ажыўленыя адной думкай – пілігрымкай на мядзельшчыну.
Час ішоў імкліва. І вось першы прыпынак: касцёл Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі, сустрэча з айцом Юрыем. Разам з ім мы ідзём Крыжовым шляхам па Мядзельскай Кальварыі, якая была адбудаваны і асвечаны ў 2014 годзе. Уражвае велічны ўваход, упрыгожаны фігурай Маці Божай з Ля Салет, якая плача над грахамі людзей. Па абодва бакі ад уваходу – памятныя шыльды, звязаныя з гісторыяй аднаўлення Крыжовага шляху. На адной з іх – камень з Ізраэля, з гары Кармэль у горадзе Хайфа. Два з паловай кіламетры Крыжовага шляху, якія праходзяць праз лясны масіў Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, праз поле і луг, кожны ішоў са сваёй інтэнцыяй, супольна молячыся. Было адчуванне, быццам хтосьці вёў нас па той дарозе, якая скончылася на гары Трох Крыжоў ля палявога алтара. Вось такі ён, шлях-дарога да Бога, які заўсёды дапамагае і чакае нас.
Пазней мы ўдзельнічалі ў парафіяльным фэсце. Святая Імша, слова Божае з вуснаў ксяндза Уладзіслава Завальнюка. Ён гаварыў аб ролі Пана Бога і Маці Марыі ў жыцці чалавека. Кожны з нас пачуў важнае для сябе і паклаў у скарбонку сваёй душы.
Гасцінныя гаспадары прапанавалі для ўсіх прысутных пачастунак на свежым паветры. Свята ўпрыгожыла выступленне гурта “Ляўдас” з горада Мінска. А сумеснае выкананне спеву “Малюся за цябе, Беларусь” нікога не пакінула раўнадушным.
Час рушыць далей. І вось нас вітае Нарач, касцёл Святога Андрэя Апостала. Прад намі – помнік архітэктуры пачатку 20 стагоддзя ў стылі неаготыкі. Айцец Пётр, пробашч парафіі ў Нарачы, з задавальненнем распавядае пра святыню, адказвае на нашыя пытанні. Стрыманасць у афармленні, алтары Маці Божай Нарачанскай, Святога Андрэя Апостала, Святога Антонія, прыгажосць і цішыня далі магчымасць памаліцца і падзякаваць Усемагутнаму Богу за атрыманыя ў жыцці ласкі. У касцёле захоўваюцца рэліквіі Святога Яна Паўла II! Кожны з нас схіліў прад імі галаву, вымаўляючы словы малітвы не механічна, а сэрцам.
Зразумела, што не заехаць у Шэметава, дзе рабіў першыя крокі святарскай працы наш ксёндз-пробашч Пётр, мы проста не маглі. Яшчэ здалёк убачылі на ўзгорку касцёл. Прайсці ў святыню нас запрасіў мясцовы ксёндз пробашч, а вось шмат цікавага з гісторыі касцёла, з яго сучаснага жыцця мы пачулі ад ксяндза Пятра, нашага пробашча. Менавіта ад яго дазналіся пра трывалую веру прадстаўнікоў роду Скірмундаў, пра іх намаганні ў пабудове касцёла. Колькі сіл і сродкаў было ўкладзена імі, каб незвычайныя ў сваім родзе вітражы, вырабленыя і прывезеныя з Еўропы, да гэтага часу здзіўлялі сваёй непаўторнасцю і магічнасцю! Дазналіся мы і пра цуды, якія адбываліся, калі з галоўнага алтара, на якім было два абразы Божай Маці, здымалі адзін з іх – абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Нашу ўвагу прыцягнула ўнікальная драўляная амбона 17 стагоддзя ў выглядзе вазы, якую трымае на распрасцёртых крылах магутная птушка. Ёсць у касцёле і арган, які на святы не проста гучыць, а пяе песню хвалы Богу.
Стоячы на ўзвышшы ля святыні, прад нашым позіркам узніклі прыгожыя краявіды роднай прыроды: бясконцая водная гладзь, лясы, блакіт нябёсаў. У іх нібы ўпіраюцца руіны старадаўніх пабудоваў: кавальні, бровара, валоўніка… А побач з касцёлам – памятны камень са словамі ўдзячнасці прадстаўнікам роду Скірмундаў. Вось такім мы ўбачылі “двор Шэметава” – ідылію вечнага і сучаснага.
Вяртаемся ў родны Нясвіж. Узрушаныя, радасныя – мы здолелі пазнаць новыя каштоўнасці. Цяжка сказаць, з чым можна параўнаць гэтае шчаслівае адчуванне – мы проста былі шчаслівыя! Столменыя, камусьці хацелася зрабіць глыток вады ці есці, нехта марыў аб сне… Але тут на памяць прыходзяць словы Святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса:”Дастаткова толькі Бога.”
Ганна Сярпінская
