Ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў парафію ў Клецку быў вернуты абраз святога Роха
15 жніўня 2014 г. у парафію Святой Тройцы ў Клецку быў вернуты абраз святога Роха. Гэты адметны дзень у парафіі супаў з урачыстасцю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Раней абраз святога Роха знаходзіўся ў капліцы, якая належала гэтай парафіі, у вёсцы Салаўі Клецкага р-на. У маі 1939 г. савецкія актывісты хацелі забраць абраз з капліцы. Даведаўшыся пра гэта, парафіяне ноччу забралі яго, каб не дапусціць прафанацыі, і схавалі дома ў спадара Дамашэвіча. Калі ён разам са сваёй сям’ёй выязджаў у Польшчу, то перадаў абраз сям’і Рыпінскіх.
Абраз знаходзіўся ў доме Рыпінскіх даволі доўга, схаваны ў шафе, а пазней на гарышчы. Спачатку была надзея на адбудову знішчанай капліцы ў Салаўях, але гэта не атрымалася, і было прынята рашэнне вярнуць абраз касцёлу. У той час у Клецку не было касцёла, таму сям’я Рыпінскіх перадала абраз у касцёл у Нясвіжы. Нарэшце, пасля атрымання дазволаў і вырашэння неабходных фармальнасцяў, абраз быў перададзены парафіі Святой Тройцы ў Клецку.

Рэкалекцыі - гэта найлепшы час для духоўнага ўзмацнення, роздуму над сваім жыццём, малітвы.
24-28 сакавіка адбыліся фармацыйныя сустрэчы Літургічнай службы алтара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Удзел у іх прынялі 135 міністрантаў разам са сваімі душпастырамі з парафій Вілейкі, Свіры, Краснага, Нарачы, Будслава, Даўгінава, Крывічава, Маладзечна, Івянца, Нясвіжа, Налібок, Дзераўной, Фаніпаля, Лагойска, Дзяржынска, мінскіх парафій Св. Сымона і св. Алены, архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, Св. Яна Хрысціцеля, Святога Духа; парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках, магілёўскіх парафій Святога Антонія, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава.